Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто насамрэч бамбіў Менск у вайну. МАПА


Менск падчас Другой сусьветнай вайны, каля Дому ўраду
Менск падчас Другой сусьветнай вайны, каля Дому ўраду

Опэрны тэатар, Дом ураду, Дом афіцэраў — у часы Другой усясьветнай вайны нямногія манумэнтальныя будынкі ў сталіцы Беларусі ацалелі. Савецкая гістарыяграфія ўсе разбурэньні ў Менску сьпісвала на нямецкія войскі. Пазьней высьветлілася, што Чырвоная армія таксама бамбавала сталіцу Беларусі, і то ня раз. Свабода разьбіралася, ад каго Менск пацярпеў больш.

Невялікі правінцыйны горад

Менск на пачатку вайны быў невялікім правінцыйным горадам крыху больш як на 300 тысяч жыхароў. На такой думцы сыходзяцца гісторыкі, якія вывучалі ваенныя часы беларускай сталіцы. Пры гэтым горад з тысячагадовай гісторыяй меў унікальную забудову, якая падчас вайны была зьнішчана больш чым напалову.

Менск бамбавалі праз 2 дні пасьля нападу на Беларусь

24 чэрвеня 1941 году а 8 гадзіны раніцы ў Менску прагучаў сыгнал паветранай трывогі. Гэта было першае масіраванае бамбардаваньне беларускай сталіцы падчас Другой усясьветнай вайны.

У гэтым бамбаваньні ўдзельнічалі два дзясяткі эшалёнаў нямецкіх паветраных сіл, у кожным па 35–40 самалётаў.

Менск падчас Другой сусьветнай вайны, раён цяперашняй плошчы Незалежнасьці
Менск падчас Другой сусьветнай вайны, раён цяперашняй плошчы Незалежнасьці

​Падчас гэтага бамбаваньня Менск пацярпеў найбольш, упэўнены гісторык Ігар Мельнікаў, аўтар кнігі «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава».

«Цэнтар Менску тады вельмі моцна бамбавалі. У 3-м Доме саветаў на Багдановіча бомба ўпала проста на бамбасховішча. Некаторыя будынкі засталіся на Савецкай вуліцы. Моцна бамбавалі раён Нямігі. Адна з бомбаў трапіла на Пэдагагічны ўнівэрсытэт. Але будынак ацалеў», — кажа Ігар Мельнікаў.

Перад бамбаваньнем савецкае камандаваньне зьехала ў Магілёў. Нават у Доме ўраду засталіся архівы і дакумэнты, кажа Ігар Мельнікаў.

Раён гатэля «Беларусь», Менск пачас Другой сусьветнай вайны
Раён гатэля «Беларусь», Менск пачас Другой сусьветнай вайны

​Але Менск тады нішчылі ня толькі нямецкія войскі, але і савецкія дывэрсійныя групы. Мэтай іх быў падрыў складоў з харчаваньнем. Пра гэта кажа доктар навук, знаўца гісторыі Менску Захар Шыбека.

«Пераважна гэтыя групы вынішчалі вайсковыя аб’екты, склады з харчаваньнем. Пазьней сюды паслалі з такой жа мэтай дывэрсійны атрад. Але гэта мае меркаваньні, за гэтым не стаяць канкрэтныя дакумэнты», — кажа Захар Шыбека.

«Нельга вінаваціць нейкі адзін бок»

Паводле доктара гістарычных навук Сяргея Абламейкі, які займаецца дасьледаваньнямі старога Менску, сталіцу Беларусі бамбавалі і нямецкія войскі, і савецкія. І «нельга ўскладаць віну за зруйнаваньне Менску на нейкі адзін бок».

«Трэцяга ліпеня 1941 году Сталін выступіў са зваротам, у якім, сярод іншага, заклікаў не пакідаць ворагу ніякай каштоўнай маёмасьці, зьнішчаць жывёлу, харчы, масты, дарогі і г.д. У выніку пры адыходзе савецкіх войскаў многія гарады ўсходняй Беларусі (напрыклад, Полацак, Ворша і Гомель) былі спаленыя. Пра гэта пісаў яшчэ Юры Туронак. Але яшчэ да гэтай дырэктывы, адразу пасьля сыходу зь Менску савецкіх уладаў, саветы засылалі ў горад дывэрсантаў падпальваць дамы і зьнішчаць архівы савецкіх установаў. Менчукі спрабавалі тушыць пажары, але не заўсёды пасьпяхова. Так што можна канстатаваць, што вялікі пажар у Менску ў першы тыдзень вайны зьвязаны ня толькі зь нямецкімі бамбаваньнямі, але і з савецкімі падпаламі», — кажа Сяргей Абламейка.

Савецкія войскі бамбавалі Менск у 1942, 1943 і 1944 гадах

Падчас акупацыі ў Менску працавалі нямецкая вайсковая адміністрацыя, нямецкая цывільная адміністрацыя і беларуская адміністрацыя. Немцы таксама зносілі будынкі падчас акупацыі, кажа Сяргей Абламейка.

«Вельмі шмат дамоў у цэнтры гораду былі спаленыя ў 1941 годзе. Вытрывала Няміга, толькі некалькі дамоў пацярпелі ў Верхнім горадзе. Новы рынак, там, дзе цяпер Кастрычніцкая плошча, быў спалены цалкам. Згарэла Залатая горка, забудаваная драўлянымі хатамі».

Савецкія войскі бамбавалі Менск за час акупацыі шмат разоў. Асабліва менчукам запомніліся «сьвяточныя» бамбаваньні 8 сакавіка 1942 году і 1 траўня 1943-га. Моцна бамбавалі горад і перад вызваленьнем — у чэрвені 1944-га. У 1942–43 гадах савецкія бомбы ня раз траплялі ў Менскае замчышча. Падчас вызваленьня Менску савецкія войскі бамбавалі чыгуначныя камунікацыі і нямецкія вайсковыя ўстановы, пра якія была інфармацыя ад падпольшчыкаў. Але ў выніку цярпелі навакольныя кварталы, кажа Сяргей Абламейка.

Менск падчас Другой сусьветнай вайны
Менск падчас Другой сусьветнай вайны

«Бамбавалі дакладна Пушкінскі пасёлак (цяперашнія вуліцы Калініна, Чарнышэўскага, Коласа). Бамбавалі таксама транспартныя вузлы поруч з вакзалам», — кажа Ігар Мельнікаў.

Бамбавалі таксама вакзал, але гэты налёт быў нямецкі, пасьля вызваленьня гораду, у канцы ліпеня 1944 году.

«У 1944 годзе Менск меў жахлівы выгляд, большасьць дамоў стаялі бяз дахаў», — падсумоўвае Ігар Мельнікаў.

Па зьвестках савецкай гістарыяграфіі, пасьля вайны Менск быў зьнішчаны на 80%. Але існуе і іншы дакумэнт — дакладная запіска Менгарвыканкаму ў ЦК кампартыі БССР, паводле якой сталіца Беларусі ацалела на 53%.

Хто разбамбіў канкрэтныя дамы і вуліцы ў Менску, цалкам вызначыць немагчыма. Некаторыя савецкія дакумэнты таго часу застаюцца закрытымі. Але можна вызначыць, куды падалі савецкія і нямецкія бомбы, хаця б часткова — па сьведчаньнях гісторыкаў.

Нямецкія:

  • Вакзал
  • Вуліца Сьвярдлоўская (Сьвярдлова)
  • Савецкая вуліца
  • Вуліца Леніна
  • Вуліца Энгельса
  • Вуліца Школьная
  • Пэдагагічны інстытут
  • Камароўка
  • Залатая горка
  • Вуліца Багдановіча
  • Калініна

Савецкія:

  • Пушкінскі пасёлак (раён вуліцы Чарнышэўскага)
  • Менскае замчышча
  • Траецкае прадмесьце
  • Вуліца Лаўская
  • Пляц Волі
  • Вуліца Рэвалюцыйная
  • Вуліца Камсамольская
  • Вуліца Берсана
  • Кварталы каля вакзалу

Што збольшага захавалася ў гістарычным цэнтры:

Вуліцы:

  • Няміга
  • Ракаўская
  • Вызваленьня
  • Няміга-Ракаўская
  • Гандлёвая
  • Герцэна
  • Бакуніна
  • Музычны завулак
  • Інтэрнацыянальная
  • Рэвалюцыйная

А таксама збольшага Ракаўскае і Траецкае прадмесьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG