Намесьнік пракурора Берасьця 30 красавіка выклікаў 5 актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў раённыя пракуратуры Берасьця. Іх афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасьці парушэньня Закона «Аб масавых мерапрыемствах», паведамляе «Брестская газета».
Актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу і штовыходныя ладзяць акцыі пратэсту супраць заводу назвалі гэты выклік спробай іх запужаць.
«На маё пытаньне аб тым, ці парушылі мы нешта, намесьнік пракурора горада адказаў, што не, нас папярэджваюць на будучыню. Асноўнае пытаньне ў тым, што калі была інфармацыя ў сацсетках, мэсенджерах па законе ў выпадку забароны мерапрыемства інфармацыя аб забароне павінна быць распаўсюджана ў тых жа крыніцах. Мы гэтае патрабаваньне закона ўжо выканалі. Расцэньваю дадзены выклік у пракуратуру як запалохваньне актывістаў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага завода», — сказаў адзін з актывістаў Раман Кісьляк, якога таксама выклікалі ў пракуратуру.
Берасьцейскія актывісты падалі заяўку ў мясцовы гарвыканкам аб правядзеньні акцыі 1 траўня. Мясцовыя ўлады адказалі на яе адмовай толькі за 2 дні да мерапрыемства, праз некалькі гадзін пасьля зьяўленьня ў сацсетках і СМІ інфармацыі аб тым, што берасьцейскія актывісты рыхтуюць мітынг, бо ад мясцовых органаў улады пярэчаньняў не паступала.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.