19 красавіка ў Данецкім інстытуце фізкультуры і спорту адбылася навуковая канфэрэнцыя, у якой, паводле сайту «Міністэрства адукацыі і навукі ДНР», бралі ўдзел і студэнты дзяржаўных унівэрсытэтаў зь Віцебску і Пінску.
У адміністрацыі абедзьвюх беларускіх ВНУ гэта абвяргаюць.
Паводле інфармацыі з сайту «ДНР», канфэрэнцыя адбылася 19 красавіка ў Данецкім інстытуце фізычнай культуры і спорту. Сярод іншых у ёй узялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя П. М. Машэрава, Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. .
ВДУ: «З факультэту фізкультуры і спорту — ніхто»
У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава абверглі зьвесткі пра ўдзел студэнтаў ВНУ з факультэту фізычнай культуры і спорту ў канфэрэнцыі ў Данецку.
«Прынамсі на нашым факультэце фізкультуры і спорту паведамілі, што ніхто адтуль у такой канфэрэнцыі ўдзелу ня браў», — сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу сувязяў са СМІ Андрэй Краўчанка.
Зьвесткамі пра іншыя факультэты прадстаўнік ВДУ на момант размовы не валодаў.
Прарэктарка Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Ўласава таксама абвергла ўдзел студэнтаў гэтай ВНУ ў канфэрэнцыі на тэрыторыі ДНР.
«Няма ў мяне такіх зьвестак. Гэта, відаць, фэйкавая навіна. Пішуць жа пра 19 красавіка? У нас у гэтыя тэрміны праходзілі свае канфэрэнцыі, вельмі шмат гасьцей было. Але адтуль таксама не было нікога, мы ім запрашэньняў не рассылалі», — сказала карэспандэнту Свабоды прарэктарка Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Ўласава.
З кім кантактуюць унівэрсытэты Віцебску і Пінску
На сайце Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя П.М. Машэрава ў разьдзеле «міжнароднае супрацоўніцтва» сярод партнэраў з Украіны фігуруюць
- Данецкі нацыянальны ўнівэрсытэт,
- Данецкі інстытут турыстычнага бізнэсу,
- Крымскі гуманітарны ўнівэрсытэт.
Дамовы зь імі былі заключаныя да захопу Крыму і тэрыторый на Данбасе.
Паводле сайту Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, сярод украінскіх партнэраў вышэйшых навучальных устаноў з тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР» няма. Апошняя інфармацыя пра навуковыя кантакты з ВНУ з Украіны тычыцца 2013 году. Тады беларускія студэнты зь Пінску бралі ўдзел у «Тыдні навукі», які праходзіў ва Ўнівэрсытэце банкаўскай справы Нацыянальнага банку Ўкраіны.