Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Менску дэмантавалі 70 спадарожнікавых антэн, яшчэ 285 зьнесьлі іхныя ўладальнікі


Дэмантаж спадарожнікавых антэн з будынкаў у Менскім гарвыканкаме ня зьвязваюць з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў 21–30 чэрвеня 2019 году.

У Менскім гарвыканкаме прызналі, што апошнім часам адбываецца дэмантаж спадарожнікавых антэн на фасадах дамоў у цэнтры гораду. Аднак маштаб гэтых работ нязначны.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Менскага гарвыканкаму, у горадзе плянава адбываецца маніторынг антэн, усталяваных без дазволу, і тых, які сталі непрыдатнымі.

«Да іх ужываюцца адпаведныя дзеяньні: атрыманьне ўзгадненьня на ўсталяваньне, рамонт ці дэмантаж, але з Эўрапейскімі гульнямі гэта ніяк не зьвязана», — сказала Свабодзе кіраўніца прэсавай службы Менгарвыканкаму Алена Мохар.

Як правільна паставіць антэну

Каб законна паставіць «талерку», згодна з пастановай Савета Міністраў № 384 ад 2013 году, трэба атрымаць дазвол мясцовага органа архітэктуры і горадабудаўніцтва. Падставай для адмовы тут могуць быць непраўдзівыя зьвесткі ў пададзеных дакумэнтах, пагроза абрушэньня канструкцыі, знаходжаньне дома ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Грамадзяне і юрыдычныя асобы, якія паставілі спадарожнікавыя антэны самавольна, могуць узгадніць іх усталяваньне «задняй датай», але ня выключана, што яны атрымаюць адмову.

Як улады кантралююць антэны

Паводле прэсавай службы Менгарвыканкаму, у Менску ў 2019 годзе па выніках маніторынгу ўлады гораду дэмантавалі 70 спадарожнікавых антэн, якія былі ўсталяваныя самавольна. У асноўным гэта тычылася антэн на жылых дамах у цэнтры гораду.

«За 2019 год па жылым фондзе Менску былі выдадзеныя 1693 прадпісаньні аб прывядзеньні індывідуальных антэн у належны парадак. 285 антэн дэмантавалі самі грамадзяне, у тым ліку з дапамогай камунальных службаў.

Па жылых дамах, унесеных у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, выдадзена і складзена 79 прадпісаньняў і пратаколаў аб адміністрацыйных парушэньнях аб свавольна ўсталяваных антэнах. Пададзеныя 2 пазовы ў суд, праведзены дэмантаж 70 антэн», — паведаміла прэсавая служба Менскага гарвыканкаму.

Якое пакараньне прадугледжанае

За самавольнае ўсталяваньне спадарожнікавай антэны для фізычнай асобы прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь (765 рублёў), для юрыдычнай — ад 30 да 50 базавых велічынь (да 1275 рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG