Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Брэжнеў апярэджвае Леніна, а Сталін — Брэжнева


Калі прайсьціся ўздоўж нэкропалю ля крамлёўскай сьцяны ў цэнтры Масквы, дык і без сацыёлягаў можна дакладна даведацца, да каго з камуністычных лідэраў мінулага стагодзьдзя ў сёньняшніх расейцаў найбольшыя пашана і павага. Надмагільны бюст Сталіна ледзь відаць з-за гары чырвоных гвазьдзікоў. Багата кветак на надмагільных плітах Брэжнева і Дзяржынскага. Крыху меней — ля бюста Андропава. І зусім бяз кветак — самотная магіла Міхаіла Суслава, колішняга ўсёмагутнага ідэоляга эпохі застою... Дарэчы, ля маўзалею Леніна кветак таксама амаль няма.

Калі ў мінулую суботу Аляксандар Лукашэнка, беручы ўдзел у традыцыйным суботніку перад днём народзінаў Леніна, паехаў саджаць дрэвы не ў Курапаты, а на «Лінію Сталіна», асабіста мяне гэта зусім ня зьдзівіла. Камэнтуючы свой выбар, Лукашэнка зусім не саромеўся даваць станоўчыя ацэнкі камуністычнаму дыктатару: «Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае...» Лукашэнка заўсёды чуйна рэагуе на тое, што падабаецца большасьці.

Бюст Сталіна на «Лініі Сталіна» пад Менскам
Бюст Сталіна на «Лініі Сталіна» пад Менскам

На мінулым тыдні многія расейскія СМІ распаўсюдзілі апошнія вынікі апытаньня «Левада-цэнтру» пра стаўленьне расейцаў да асобы Сталіна. Выявілася, што станоўчая ацэнка ролі генэралісімуса дасягнула рэкорднага ўзроўню — 70 адсоткаў.

У нядзелю ў галоўнай прапагандысцкай праграме афіцыёзнага тэлеканалу «Россия» вядоўца «Вестей недели» Дзьмітры Кісялёў спрабаваў падкарэктаваць гэты сэнсацыйны вынік. Але і лічбы Усерасійскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ), да якіх ён апэляваў, ня надта моцна адрозьніваліся ад лічбаў «Левада-цэнтру». На пытаньне «Як вам здаецца, пры якім кіраўніку за апошнія 100 гадоў краіна разьвівалася хутчэй у правільным кірунку, а пры якім хутчэй у няправільным?», Сталін атрымаў 65% станоўчых ацэнак і 21% — адмоўных. Наперадзе яго толькі Пуцін: 72% станоўчых супраць 17% адмоўных.

Адметна таксама, якія паказьнікі маюць іншыя палітычныя лідэры савецкай эпохі:

  • Брэжнеў: 59% станоўчых, 25% адмоўных;
  • Ленін: 51% і 33%
  • Хрушчоў: 39% і 40%
  • Ельцын: 16% і 72%
  • Гарбачоў: 14% і 74%.

Такім чынам, абсалютныя лідэры — Пуцін і Сталін, аўтсайдэры — Ельцын і Гарбачоў.

І якой яшчэ можа быць палітыка Пуціна пры такіх грамадзкіх настроях? Якіх рэформаў, якога паважлівага стаўленьня да суседніх дзяржаў ад яго чакаць?

Рэфарматар — значыць аўтсайдэр

Якія высновы можа зрабіць, гледзячы на такія лічбы, той палітык, які заклапочаны ўласным месцам у нацыянальнай гісторыі? Чым больш лідэр намагаўся правесьці ў краіне дэмакратычныя зьмены, чым прыхільней ставіўся да рэформаў у эканоміцы і грамадзкай сфэры, тым больш нэгатыву пакінуў пасьля сябе ў калектыўнай грамадзкай памяці. А ў фаварытах ці жорсткія дыктатары (Сталін), ці незьмяняльныя аўтарытарныя лідэры (Брэжнеў). Імпэрская сьвядомасьць, імпэрскія комплексы нікуды не падзеліся — наадварот, атрымалі новы штуршок, падмацаваныя анэксіяй Крыму і рэваншысцкімі лёзунгамі пра «русский мир». Унівэрсальны крытэр — пашырэньне імпэрыі, яе ваенная магутнасьць, мілітарызацыя эканомікі і ўсяго грамадзкага жыцьця.

Ці істотна адрозьніваліся б лічбы, калі б падобнае апытаньне правесьці ў Беларусі? Наўрад ці. І зусім не выпадкова, што ў нядаўнім пасланьні Лукашэнкі — ніводнага добрага слова пра рэформы, а пра магчымасьць дэмакратычных зьменаў — толькі з сарказмам і кпінамі.

«Сталіна на іх няма!»

Сьвяткаваньне дня нараджэньня Іосіфа Сталіна на яго магіле ля Крамлёўскае сьцяны на Краснай плошчы. На фатаздымку абраз з выявай савецкага дыктатара. Масква, 21 сьнежня 2015 году
Сьвяткаваньне дня нараджэньня Іосіфа Сталіна на яго магіле ля Крамлёўскае сьцяны на Краснай плошчы. На фатаздымку абраз з выявай савецкага дыктатара. Масква, 21 сьнежня 2015 году

​А ці быў ён увогуле, той час, калі большасьць грамадзтва ненавідзела і асуджала Сталіна? Для майго пакаленьня, якое вучылася ў школе і ВНУ ў 1970-1980-х гадах, гэта імя мала што значыла. З падручнікаў гісторыі яно было татальна выкрасьлена. Кніг, якія б услаўлялі Сталіна (альбо расказвалі пра злачынствы сталінізму) у бібліятэках і кнігарнях не было. Старэйшыя людзі, якія памяталі той час, успаміналі яго неахвотна. Многія, відавочна, баяліся. Хоць у некаторых, памятаю, прарывалася прыхаваная сымпатыя. Не-не ды пачуеш падчас нараканьняў на бесталковае і зладзеяватае начальства: «Сталіна на іх няма — той бы хутка навёў парадак!»

Ці не адзінае месца, дзе ў брэжнеўскі час можна было ўбачыць партрэты Сталіна, гэта, як ні дзіўна — кабіны грузавікоў: чорна-белыя фотакопіі партрэта генэралісімуса пры поўным парадзе часта выстаўлялі на паказ за шклом машын: гэта была вельмі распаўсюджаная ў СССР мода. Чаму менавіта сярод кіроўцаў і чым ім быў такі мілы дыктатар — загадка. Памятаю, у 1981-м, калі мы, дзесяціклясьнікі, задалі гэта пытаньне свайму настаўніку гісторыі, ён ня здолеў нам уцямна адказаць. Відавочна, гэта было пэўнае франдзёрства, — зрэшты, ня надта небясьпечнае. ДАІ на яго глядзела скрозь пальцы.

Якім было ў той час сапраўднае стаўленьне грамадзкай думкі да асобы Сталіна, невядома. Сацыялягічных апытаньняў аб гэтым у СССР ніхто не праводзіў. Кажуць, напачатку, неўзабаве пасьля прыходу да ўлады, Брэжнеў рабіў спробы перагледзець афіцыйнае стаўленьне да сталінскай эпохі. У прыватнасьці, у 1965 годзе, ва ўрачыстым дакладзе з нагоды 20-годзьдзя Перамогі, новы генсак упершыню згадаў імя Сталіна. Расейскі гісторык С. Сяманаў успамінаў: «Што тут усчалося ў зале! Неўтаймоўны шквал аплядысмэнтаў, здавалася, ускалыхнуў сьцены Крамлёўскага палаца. Нехта ўжо пачаў уставаць, прагучалі першыя вітальныя воклічы...»

Такая рэакцыя, напэўна, азадачыла і самога Леаніда Ільіча, бо далей ён стаў хутка чытаць іншыя імёны... А неўзабаве, у лютым 1966-га, зьявіўся вядомы «ліст 25» буйных дзеячаў савецкай навукі, літаратуры і мастацтва супраць рэабілітацыі Сталіна. Сярод падпісантаў — сем акадэмікаў, у тым ліку нобэлеўскія ляўрэаты Капіца і Там, пісьменьнікі Паўстоўскі і Чукоўскі, балерына Плісецкая, акадэмік Сахараў, амаль два дзясяткі ляўрэатаў Сталінскай і Ленінскай прэміяў... Пасьля гэтага спробы рэабілітацыі фактычна спыніліся.

А потым здарыліся перабудова і галоснасьць. Курапаты, раман «Дзеці Арбата», фільм «Халоднае лета 53-га» і тысячы іншых кніг, фільмаў, публікацый пра злачынствы сталінізму агаломшылі савецкае грамадзтва. У той пэрыяд партрэты Сталіна зьніклі нават з-за аўтамабільных шыбаў дальнабойшчыкаў.

Любоў да тырана, але толькі на адлегласьці

І вось — новы ўсплёск народнай любові да «моцнай рукі», да жалезнага парадку. Відавочна, можна знайсьці шмат тлумачэньняў гэтаму фэномэну. Людзі стаміліся ад несправядлівасьці і галечы, абураныя ўсё больш відавочным маёмасным расслаеньнем і карупцыяй. І ўсё часьцей можна пачуць знаёмае зь дзяцінства «Сталіна на іх няма...» Праўда, пры гэтым чамусьці ўсе, хто так кажа, думаюць, што новы жорсткі сталінскі парадак будзе накіраваны супраць кагосьці, але не супраць іх асабіста.

А можа, усур’ёз і ня думаюць? Бо вось жа — на сфармуляванае крыху інакш пытаньне «У эпоху каго з палітычных лідэраў вы хацелі б жыць?» за эпоху Сталіна выказаліся толькі 5 адсоткаў апытаных ВЦІОМ расейцаў. Затое за эпоху Брэжнева — 37, а Пуціна — 40. Такая вось дзіўная любоў да тырана — толькі на гістарычнай адлегласьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG