Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнік Зяленскага пра Беларусь: «Мяркую, Лукашэнка зробіць правільны выбар» 


Аляксандар Данілюк
Аляксандар Данілюк

Каманда новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага будзе выстройваць з кіраўніцтвам Беларусі стасункі, якія дапамогуць захаваць стабільнасьць у рэгіёне.

Пра гэта ў камэнтары Tut.by заявіў экс-міністар фінансаў Украіны Аляксандар Данілюк, якому прадракаюць пасаду міністра замежных спраў або прэм’ера ў новым урадзе, што маюць сфармаваць па выніках заплянаваных на кастрычнік парлямэнцкіх выбараў.

«Сёньня мы жывём у нестабільным рэгіёне, у якім ёсьць рызыка — у нас агульны „партнэр“ на ўсходзе. І мы разумеем выклікі, якія стаяць перад намі і перад вамі. Таму, натуральна, нас цікавіць толькі збліжэньне адносінаў зь Беларусьсю. Рызыкі ў нас агульныя, мала таго, у нас гэтыя рызыкі ўжо рэалізаваліся», — адзначыў Аляксандар Данілюк.

На думку экс-міністра, нэўтралітэт Беларусі паміж Расеяй і Ўкраінай пытаньне часу. Ён спадзяецца, што беларускае кіраўніцтва ўрэшце зробіць правільны выбар.

Аляксандар Данілюк таксама запэўнівае, што на палітыку Ўладзіміра Зяленскага ня будзе рабіць уплыў алігарх Ігар Каламойскі.

«Я лічу, што такога ўплыву ня будзе. Вядома, будзе жаданьне істэблішмэнту ўплываць на ўладу. Але цяпер яны не ўплываюць, яны частка ўлады. Будзе тая ж самая спроба паўплываць на новую ўладу. Але Зяленскі — чалавек не з сыстэмы, будзе незалежным прэзыдэнтам», — лічыць Данілюк, удакладніўшы, што кабінет міністраў Зяленскі прадставіць пазьней.

Ён таксама не адмаўляе, што ва Ўкраіну можа вярнуцца экс-прэзыдэнт Грузіі і колішні кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Міхэіл Саакашвілі.

«Я лічу, што Саакашвілі пазбавілі ўкраінскага грамадзянства незаконна, гэта маральна быў непрыгожы крок з боку Парашэнкі. Думаю, што рашэньне будзе ануляванае. Што тычыцца вяртаньня яго ў палітыку, то гэта будзе рашэньне самога Міхэіла. Мы ж дэмакратычная краіна, ня лічачы пары момантаў, калі кагосьці могуць запакаваць у мех і выкінуць у Польшчу. Спадзяюся, гэта застанецца ў мінулым», — сказаў Данілюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG