Тры вульлі, у якіх было больш за 180 000 пчолак былі знойдзеныя непашкоджанымі на даху сабора, нягледзячы на разбуральны пажар, паведамляе Guardian.
Маленечкія насельнікі сабору Notre-Dame ў Парыжы перажылі пажар, які зьнішчыў вялікую частку яго даху і шпіль. Раней паведамлялася, што каля 200 тысяч пчолак, якія жывуць у вульлях на даху царквы, загінулі. Папраўдзе яны ацалелі, паведаміў пчаляр сабора Нікаля Жэан, паведамляе BBC.
Ён прыглядаўся за трыма вульлямі з 2013 году, калі было прынятае рашэньне іх усталяваць у рамках гарадзкой ініцыятывы па павелічэньні папуляцыі пчол у Парыжы.
Вульлі разьмешчаныя над рызніцай у паўднёвай частцы сабора на адлегласьці прыкладна 30 мэтраў ніжэй узроўню асноўнай даху. Паводле Жэана, агонь іх не закрануў.
Высокія тэмпэратуры маглі быць рызыкоўныя для іх, але дым, як патлумачыў пчаляр, іх проста ап’яніў. «Вуглякіслы газ іх не забівае, а апʼяняе, робіць соннымі», — сказаў ён у інтэрвію АP. Пчаляры досыць часта выкарыстоўваюць дым, каб уціхамірыць пчол і падабрацца да іх вульля.
«Мне было вельмі шкада Notre-Dame, паколькі гэта такое выдатнае збудаваньне, — сказаў Нікаля Жэан у інтэрвію CNN. — Але як жа выдатна, што пчолы выжылі. Дзякуй богу, што полымя іх ня дасягнула, гэта сапраўды цуд!»
Эўрапейскія пчолы – у адрозьненьне ад іншых разнавіднасьцяў – застаюцца ў сваім вульлі пры набліжэньні небясьпекі, едучы мёд і працягваючы абараняць матку.
Пажар у саборы Парыскай Божай Маці пачаўся ўвечары 15 красавіка і працягвалася 9 гадзінаў. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай пажару сталі рамонтныя работы. У выніку пажару абрынуліся шпіль і дах сабору. Пажарнікам удалося выратаваць каркас гістарычнага будынку.