Група «1+1 мэдыя» падала пазоў у суд на прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку аб абароне дзелавой рэпутацыі.
«Па перакананьні мэдыягрупы, інфармацыя, распаўсюджаная Пятром Парашэнкам у Facebook-допісе, а таксама навіна на аснове інтэрвію прэзыдэнта» Радыё НВ «па спасылцы стварае ва ўкраінцаў няправільнае ўяўленьне, што інфармацыйная дзейнасьць тэлеканала носіць нэгатыўны, неаб’ектыўны і перадузяты характар і, верагодна, зьвязана з парушэньнямі закона, паколькі на мэдыя, па словах прэзыдэнта, аказвае ўплыў і ціск уладальнік тэлеканала, які, „абвясьціў вайну дзяржаве“, гэта значыць шкодзіць усім грамадзянам Украіны», — гаворыцца ў заяве «1+1».
Мэдыягрупа ўдакладніла, што гаворка ідзе пра такія выказваньні прэзыдэнта Ўкраіны: «Што б пра мяне ні казалі запалоханыя Каломойскім працаўнікі «1+1» — нічога агульнага з праўдай гэта ня мае»; «Галоўным інструмэнтам распаўсюджваньня хлусьні на працягу апошніх месяцаў, як ні сумна, стаў «1+1». Гэты тэлеканал ператварыўся ў пакорлівага выканаўцу палітычных замоў свайго ўладальніка» і іншыя.
На «1+1» падкрэсьлілі, што распаўсюджаная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.
25 сакавіка старшыня парлямэнцкай фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Артур Герасімаў паведаміў, што Парашэнка падаў у суд на тэлеканал «1+1» «за сыстэматычную хлусьню ў асабліва буйных памерах». На думку Герасімава, уладальнік «1+1» Ігар Каламойскі «кіруецца пачуцьцём помсты» пасьля страты «Прыватбанку» і «імкнецца не дапусьціць перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Пятра Парашэнкі».