Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпатажнага «сьвятара» з Наваградку асудзілі за магчымасьць заразіць іншых ВІЧ


Жыхара Наваградку Дзьмітрыя Бондара, больш вядомага ў сацыяльных сетках як «япіскап сьвету», асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд абвясьцілі ў судзе Наваградзкага раёну 16 красавіка.

У гэты тэрмін залічаць болей за паўгода, што Бондар ужо правёў у СІЗА.

Пра гэта расказала сяброўка Дзьмітрыя Бондара Ніна Паўлоўская.

Бондара прызналі вінаватым у «заведамым стварэньні для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)» (ч. 1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу), то бок у тым, што ён не папярэджваў сваіх сэксуальных партнэраў, што мае ВІЧ. Па словах маці і сяброў, Дзьмітры пры палавых кантактах выкарыстоўваў сродкі абароны.

Вядома, што пяцёра чалавек былі прызнаныя пацярпелымі, але ў судзе яны заявілі, што ня маюць прэтэнзій да Бондара.

Дзьмітры плянуе абскарджваць прысуд.

Справу разгледзелі за 4 дні ў закрытым рэжыме.

Да гэтага фігурант больш за паўгода знаходзіўся ў горадзенскім СІЗА.

Праваабаронцы ў сфэры ВІЧ/СНІД раней прасілі суд апраўдаць Бондара. На іхную думку, у дзеяньнях мужчыны не было віны.

Дзьмітрыя Бондара затрымалі летась 2 кастрычніка на вядомай фэнтэзі-сядзібе Літоўка пад Наваградкам, якая належала ягонаму сябру Сяргею Ковалю. Празь некалькі тыдняў пасьля гэтага Коваль звольніў работнікаў і закрыў сядзібу для наведвальнікаў. Ён прызнаваўся пасьля Свабодзе, што цяжка перажывае затрыманьне сябра.

Гаспадар Літоўкі скончыў жыцьцё самагубствам сёлета 1 студзеня зь невядомай прычыны.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG