Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў пакараць блогера Пятрухіна 2 гадамі «хіміі» за абразу міліцыянтаў


Сяргей Пятрухін, архіўнае фота
Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна 2 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»).

Апроч таго, пракурор прапануе пакараць Пятрухіна штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (2550 рублёў). Прысуд Пятрухіну агучаць 18 красавіка.

Адвакатка пацярпелых хадайнічае аб тым, каб блогер сплаціў тром міліцыянтам па 1500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а чацьвертаму — 3000.

Пацярпелымі ў справе праходзяць міліцыянты Сяргей Ігнацюк, Дзьмітры Якушэвіч, Сяргей Токун, Ігар Галянціч. Яны напісалі заяву на блогера Сяргея Пятрухіна за абразу і паклёп у адным зь ягоных відэаролікаў, пасьля чаго і была распачатая крымінальная справа.

Як і мінулыя разы, на сёньняшні суд прыйшлі шмат міліцыянтаў, але некаторым журналістам і прадстаўнікам грамадзкасьці таксама ўдалося трапіць на паседжаньне.

Разглядае справу судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук.

Сяргей Пятрухін сваёй віны не прызнае, ён кажа, што ў ягоным роліку няма абразы гэтых канкрэтных міліцыянтаў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» лічыць працэс над блогерам Сяргеем Пятрухіным палітычна матываваным.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG