Пра гэта журналістам сказаў кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў падчас інспэкцыі пасяўной у Глускім раёне, перадае БелТА.
«Усюды, куды я прыяжджаю, усім кажу і стаўлю задачу скласьці пляны-графікі, па якіх можна было б наводзіць парадак на мэхдварах і фэрмах, — сказаў Леанід Анфімаў. — Фэрмы трохі ў лепшым стане. Мэхдвары (я ўчора і ў Пастаўскім раёне глядзеў ) патрабуюць большай увагі і намаганьняў з боку кіраўнікоў гаспадарак, загадчыкаў майстэрняў і кіраўніцтва раёну, каб там сапраўды быў забясьпечаны такі парадак, пра які казаў кіраўнік дзяржавы».
Па словах Анфімава, пасьля паездкі Аляксандра Лукашэнкі на фэрму гаспадаркі «Купалаўскае» Шклоўскага раёну супрацоўнікі КДК наведалі гаспадаркі ўсіх раёнаў краіны.
«Былі выяўленыя тысячы парушэньняў. Але больш за ўсё мяне абурыла, што ўзварушэньне, якое адбылося, не дало штуршок да таго, каб людзі, не чакаючы наведваньня супрацоўнікамі КДК і іншых органаў нагляду, прынялі апэратыўныя меры для ліквідацыі недахопаў, якія выкрываюцца па ходзе правядзеньня маніторынгу. Многія лічаць, што іх гэта не закране», — канстатаваў Леанід Анфімаў.
Леанід Анфімаў дадаў, што за апошні тыдзень распачалі 7 крымінальных спраў па факце безгаспадарнасьці. Ён прыгадаў Кастрычніцкі раён Гомельскай вобласьці, дзе ў адной з гаспадарак у 2011 годзе быў уведзены ў строй сучасны малочнатаварны комплекс.
«Як мне казалі, з абсталяваньнем касьмічных тэхналёгій. І такая прыгожая карцінка была паказана па тэлевізары. Што стала на сёньняшні дзень — можна жахнуцца», — дадаў Леанід Анфімаў.
Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка наведаў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці і заехаў на малочны комплекс «Сьліжы», што ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае». Там ён абурыўся ўмовамі, у якіх утрымліваюць кароў.
Гэта каштавала пасады кіраўніку Магілёўскай вобласьці Ўладзімеру Даманеўскаму, віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму, міністру сельскай гаспадаркі Леаніду Зайцу.