У Атаве старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўручыла мэдалі да стагодзьдзя БНР дзеячам беларускай дыяспары ў Канадзе.
Мэдалямі ўганаравалі:
- архіяпіскапа і першагерарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўладыку Сьвятаслава (Логіна),
- паэта, старшыню Згуртаваньня беларусаў Канады ў 2001–2005 гадах доктара Пётру Мурзёнка,
- шматгадовую старшыню Згуртаваньня беларусаў Канады Валянціну Шаўчэнку,
- актывіста і кіраўніка беларускай грамады ў Квэбэку Анатоля Храноўскага,
- канадзкага палітыка і праваабаронцу Дэвіда Кілгура.
У мінулым годзе Рада БНР абвясьціла пра ўзнагароджаньне шэрагу асобаў, у тым ліку і пяцёх названых, мэдалём у гонар стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Мэдаль зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 году, у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Астатнія ўзнагароды будуць уручацца цягам 2019 году.