Улады Беларусі выслалі з краіны намесніка дырэктара Вайсковага музэю Латвіі Юрыса Цыганаўса, паведамляе Delfi са спасылкай на латвійскі тэлеканал LTV.
Юрыс Цыганаўс прыляцеў у Менск для ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі. Але з аэрапорту беларускія памежнікі гісторыка не прапусцілі, і ён самалётам быў дэпартаваны ў Вільню. Інфармацыю пра гэта журналістам пацвердзіў сам Цыганаўс.
Цыганаўс прыляцеў на навуковую канферэнцыю ў Менск на запрашэньне беларускага боку. Аднак па прылёце ў менскі аэрапорт гісторык даведаўся, што ў Беларусь яго ня пусьцяць: ён быў у «чорным сьпісе» для наведваньня Расеі. Гэтая ж забарона на ўезд для яго дзейнічае і ў дачыненьні да Беларусі.
Вайсковы музэй Латвіі знаходзіцца ў падпарадкаваньні міністра абароны, установай кіруе непасрэдна дзяржава.