Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за Курапаты 8 красавіка: суткі і штрафы


Затрыманьне Ніны Багінскай у Курапатах, 5 красавіка
Затрыманьне Ніны Багінскай у Курапатах, 5 красавіка

8 красавіка ў Менску адбыліся суды над абаронцамі Курапатаў Паўлам Севярынцам, Нінай Багінскай і Вольгай Мікалайчык. Таксама пачаўся працэс над актывістам Максімам Вінярскім.

Затрыманы ўчора былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Ён быў ініцыятарам малітвы за Курапаты ў цэнтры Менску 7 красавіка.

Паўлу Севярынцу далі 15 сутак

У судзе Менскага раёну 8 красавіка адбыўся адміністратыўны працэс над сустаршынём Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам. Яго асудзілі на 15 сутак арышту з улікам адбытых да суду трох сутак. Яго затрымалі, калі ён спрабаваў весьці стрым з Курапатаў, дзе на месцы зьнесеных крыжоў пачалі ставіць плот.

Павал Севярынец у судзе
Павал Севярынец у судзе

Ніну Багінскую пакаралі штрафам на 1275 рублёў

72-гадовую актывістку абвінавацілі ў тым, што яна перашкаджала будаўнічым працам у Курапатах, калі там зносілі крыжы і на іх месцы ставілі агароджу.

Ніну Багінскую затрымліваюць 5 красавіка
Ніну Багінскую затрымліваюць 5 красавіка

Вользе Мікалайчык — штраф у 35 базавых

Суд Першамайскага раёну аштрафаваў Вольгу Мікалайчык на 35 базавых велічыняў «за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Вольга настойвала, што гэта быў ня заклік на мерапрыемства, а інфармаваньне пра малебен за Курапаты.

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

Суд на Максімам Вінярскім адклалі на заўтра

Актывіста Максіма Вінярскага даставілі ў суд Маскоўскага раёну Менску. Яго вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Яго затрымалі 6 красавіка. У судзе ён папрасіў адваката, разгляд справы адклалі на 9.30 9 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG