Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША вядзе расьсьледаваньне супраць украінскага алігарха Ігара Каламойскага у сувязі з магчымымі фінансавымі злачынствамі, паведамляе выданьне The Daily Beast са спасылкай на тры крыніцы.
Сьледчыя расьсьледуюць магчымыя фінансавыя злачынствы, у прыватнасьці адмываньне сродкаў, піша выданьне. Паводле крыніц Daily Beast, расьсьледаваньне шырокамаштабнае і працягваецца даволі даўно.
Пры гэтым Каламойскаму не выстаўлялі абвінавачваньняў, а адвакат, яго які прадстаўляе, заявіў, што той адмаўляе віну.
«Спадар Каламойскі катэгарычна адмаўляе, што ён адмываў нейкія сродкі ў ЗША, кропка. Ён — бізнэсовец. Ягоны банк захапіў ўрад, сьцьвярджаючы, што банк знаходзіўся на мяжы краху. Выявілася, што гэтая інфармацыя памылковая», — сказаў адвакат, які прадстаўляе інтарэсы Каламойскага, Майк Саліван.
Як гаворыцца ў артыкуле, алігарх цяпер жыве ў Тэль-Авіве (Ізраіль), і гэта можа ўскладніць працэс яго экстрадыцыі ў ЗША.
У інтэрвію «Украинской правде» сам Каламойскі заявіў, што будзе патрабаваць ад украінскіх уладаў вярнуць яму два мільярды даляраў. «Пакуль будзе Парашэнка, ніякага справядлівага суду ў краіне ня будзе», — сказаў Каламойскі, падкрэсьліўшы, што спадзяецца на зьмену ўлады.
Уладзіміра Зяленскага — суперніка Парашэнкі ў другім туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны — называюць саюзьнікам Каламойскага, а сам Парашэнка нават называў яго «марыянэткай» алігарха. Сам Зяленскі адмаўляе палітычныя сувязі з Каламойскім.
У ФБР афіцыйна не камэнтавалі інфармацыю пра гэтае расьсьледаваньне.