Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Boeing прызналі, што два самалёты разьбіліся праз памылкі праграмы


Boeing 737 MAX
Boeing 737 MAX

Прэзыдэнт карпарацыі Boeing Дэніс Мюіленбург афіцыйна прызнаў, што прычынай катастрофы самалётаў «Boeing-737 MAX» у Інданэзіі і Этыёпіі ў апошнія месяцы стала некарэктная праца праграмнага забесьпячэньня.

Мюіленбург запісаў відэазварот, у якім выказаў спачуваньні блізкім пасажыраў і членаў экіпажа, якія загінулі на борце абодвух самалётаў. «Усе мы ў кампаніі адчуваем велізарную сур’ёзнасьць гэтых падзей», — сказаў прэзыдэнт Boeing. Спасылаючыся на апублікаваныя ў чацьвер дадзеныя папярэдняй справаздачы аб прычынах крушэньня самалёту ў Этыёпіі, Мюіленбург прызнаў, што у абодвух выпадках сыстэма, вядомая як MCAS, адыграла вырашальную ролю.

Гаворка ідзе аб сыстэме, якая аўтаматычна перамыкае стабілізатар на пікіраваньне (апускае нос самалёта па кірунку да зямлі) у выпадку, калі атрымлівае сыгнал, што самалёт выходзіць на занадта вялікія вуглы атакі (падымае нос) і губляе хуткасьць. Абодва разы — у Інданэзіі і Этыёпіі — па папярэдніх дадзеных, зламаўся датчык, і сыстэма памылкова пачала сваю працу, накіраваўшы самалёт да зямлі. Пілёты спрабавалі яе адключыць, аднак не змаглі.

Прэзыдэнт Boeing паабяцаў, што бліжэйшым часам у праграмнае забесьпячэньне самалётаў мадэлі 737 MAX будуць унесеныя зьмены. «Гэта абнаўленьне, нароўні з адпаведнымі навучальнымі матэрыяламі, якія атрымаюць пілёты, выключаць магчымасьць ненаўмыснай актывацыі сыстэмы MCAS», — гаворыцца ў звароце.

У «Боінгу» па ранейшаму ўпэўненыя ў бясьпецы гэтых самалётаў і пасьля абнаўленьня праграмнага забесьпячэньня спадзяюцца на тое, што будзе зьняты ўведзены зараз ва ўсіх краінах сьвету мараторый на іх палёты.

У выніку крушэньня самалёту кампаніі Ethiopian Airlines пасьля вылету з аэрапорту Адыс-Абебы 10 сакавіка загінулі 157 чалавек. У кастрычніку 2018 году такі ж самалёт разьбіўся ў Інданэзіі, загінулі 189 чалавек. Многія экспэрты амаль адразу зьвярнулі ўвагу на падабенства абедзьвюх катастроф. У «Боінгу» заклікалі да асьцярожнасьці з высновамі аж да публікацыі папярэдняй справаздачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG