На старонцы кіраўніка Сынадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ Сяргея Лепіна ў Livejournal увечары 4 красавіка зьявіўся пост пад назвай «Няхай уваскрэсьне Бог», прысьвечаны масаваму зносу крыжоў у Курапатах, які прыпаў на праваслаўны Крыжапаклонны тыдзень.
У ім прадстаўнік БПЦ абураецца мэтадамі мясцовых выканаўцаў:
«Усяляк падтрымліваю Прэзыдэнта: трэба навесьці парадак у Курапатах! Але вось мэтад мясцовых дзяржымордаў і прышыбеевых не падтрымліваю».
Да стратэгіі ў Лепіна таксама ёсьць пытаньні, і самае галоўнае: «Якая яна, гэтая стратэгія?».
«Апазыцыя, якая ўладкоўвае помнікі культуры, а не барыкады, і заклікае запаліць памінальныя сьвечкі на могілках, а не пакрышкі на плошчы... Карацей, у нашай улады павінна быць шмат зайздросьнікаў. Некаторыя б кіраўнікі ў такой сытуацыі з радасьцю б самі бярвёны падвозілі і адкрывалі б усе новыя і новыя месцы масавых пахаваньняў...
І пяцідзясятнікі, якія не цураюцца крыжоў, а самі ставяць крыжы і як вызнаўцы аграбаюць за гэта... Нібы назіраеш рэлігійную эвалюцыю ў рэальным часе! Калі ў вашай царкве не шануюць крыж, значыць, яна проста зьявілася пазаўчора, ніяк не ўкаранёная ў гісторыі, ды і проста пакуль яго не заслужыла — магчыма, у яе яшчэ ўсё наперадзе..»
«Цікава, а на Грабарцы ўсё крыжы ўзгодненыя з уладамі ці ёсьць парачка-другая няўзгодненых?» — рытарычна пытаецца Сергій Лепін і заклікае:
«Памятайце: „ДʼЯБЛЫ вельмі баяцца знаку Сьвятога Крыжа, бо на ім Збаўца выкрыў і выставіў іх на ганьбу“ (Антоній Вялікі, 356)».
На афіцыйным сайце Беларускай праваслаўнай царквы church.by ніякай рэакцыі на падзеі 4 красавіка дагэтуль не зьявілася.
4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.