Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Беларусі патлумачылі, калі ў Менску зьявіцца амбасадар ЗША


Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка патлумачыў сытуацыю з аднаўленьнем узроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва паміж Менскам і Вашынгтонам.

28 сакавіка падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Менскі дыялёг» Алег Краўчанка патлумачыў журналістам, што дамоўленасьць аб вяртаньні амбасадара Беларусі ў ЗША, а амбасадара ЗША — у Беларусь «у прынцыповым пляне, можна казаць, ужо фактычна дасягнутая».

«Але яна не дасягнутая практычна. Яна не дасягнутая ў палітычным сэнсе. Пакуль пра вяртаньне заяўляць нельга, бо заўсёды ёсьць практычныя пытаньні, якія павінны вырашыць два бакі. Магчыма, амэрыканскі бок мае пытаньні нават у большай ступені, бо ў іх гэта дастаткова складаны працяглы бюракратычны працэс», — сказаў дыплямат.

Алег Краўчанка дадаў, што ён асабіста лічыць, што працэс гэты зойме год ці два.

«То бок усё хутка ня будзе. І гэта не таму, што мы пра нешта не дамовіліся, а таму што сапраўды гэты працэс займае шмат часу, асабліва ў ЗША. Гэта не дакор амэрыканскаму боку, гэта проста канстатацыя рэальнасьці».

Міністэрства замежных справаў Беларусі зьняло абмежаваньні на колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску, якія дзейнічалі з 2008 году. Пра гэтае рашэньне міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей паінфармаваў памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджа Кента 4 сакавіка 2019 году.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з часовым павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG