Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя пачалі зьмяшчаць акцэнты», — Лукашэнка пра рэакцыі на ягоны «разнос» у кароўніку


На малочнай фэрме «Сьліжы» на наступны дзень пасьля «разносу» Лукашэнкі
На малочнай фэрме «Сьліжы» на наступны дзень пасьля «разносу» Лукашэнкі

Падчас кадравых прызначэньняў 28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка згадаў і свой «разнос» у кароўніку малочнай фэрмы «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне 26 сакавіка.

Справа не ў чысьціні кароваў

«Я паглядзеў па сьлядах гэтых разборак у Магілёве, — перадае словы Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Некаторыя там пачалі зьмяшчаць акцэнты. Ледзь не Лукашэнка ня з той нагі ўстаў, прыйшоў, разборкі ўчыніў, разагнаў усіх…».

Паводле Лукашэнкі, Магілёўшчына «пляцецца ў хвасьце разьвіцьця ўсёй краіны», і старшыню аблвыканкаму ў мінулым годзе папярэджвалі, што на ягоную працу будуць глядзець па выніках году.

«Я хачу, каб людзі разумелі, што пытаньне ня столькі ў тым, што там каровы брудныя, — пракамэнтаваў Лукашэнка рэакцыю на ягоную заяву. — Гэта проста людзі ня ведаюць, што тыя каровы абышліся краіне на вагу золата. Мы іх зьбіралі па ўсёй краіне, каб укамплектаваць малочнатаварныя комплексы. І гэтыя каровы не павінны каля 5 тысячаў кіляграмаў малака даваць на год — гэта таксама нядрэнны надой, але не для гэтых кароваў».

Ён дадаў, што тэхналёгія ўтрыманьня жывёл на фэрме «Сьліжы» не нармальная, а «жахлівая».

«Ці бачыце, карове не загадаеш, дзе ёй легчы — у гнойную жыжу ці ў сухое месца, дзе сьвежая салома. Гэта хай распавядуць тым, хто не бачыў кароў ніколі! — завочна адказаў Лукашэнка на крытыку ягоных загадаў. — Зьвезьлі туды самы пародзісты статак. Усё па тэхналёгіі выбудавалі. Аказваецца, у іх саломы не хапіла. Але да гэтага часу ў валках на полі салома там валяецца. А большую палову зааралі, таму што не змаглі сабраць, ня арганізавалі людзей. Вось і праблема».

Лукашэнка ня верыць, што прыватызацыя дапаможа

Паводле яго, прыватную форму гаспадараньня на зямлі нельга лічыць больш эфэктыўнай за дзяржаўную, і нельга спадзявацца, што прыватнаму гаспадару «ўсё зь неба зваліцца і ён там парадак навядзе ідэальны».

«Зьвярніце ўвагу: гэта гаспадарка, якая ўчора належала прыватніку, — адзначыў Лукашэнка. — Значыць, усе мы хварэем — і прыватнікі, і каапэратыўныя прадпрыемствы, і дзяржаўныя — адной хваробай».

Каб разабрацца з праблемамі сяла, Лукашэнка прапанаваў перавесьці гаспадаркі на «ваеннае становішча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG