У Фрунзэнскім судзе Менску пачаўся працэс, на якім разглядаюць пазовы трох жыхароў гораду да прадпрыемства «Спэцыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня».
Данат Яканюк, Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева патрабуюць ад прадпрыемства па 10 тысяч рублёў кампэнсацыі за маральную і матэрыяльную шкоду. Пазоўнікі лічаць, што магілы іхных продкаў былі зьняважаныя, а іх маёмасьць зьнішчаная.
Спэцкамбінат КБА другі год робіць добраўпарадкаваньне на сталічных Вайсковых могілках. Летась падчас такіх работ работнікі прадпрыемства зьнішчылі агароджы і крыжы на магілах, якімі глядзелі Ірына Маркевіч і Анжаліка Сяргеева. Было вырашана, што магіла дзеда Ірыны Маркевіч закінутая і не даглядаецца, а калі сьпілавалі старое вялікае дрэва побач з гэтай магілай, зруйнавалі і ўсё, што было на суседняй магіле, дзе пахаваныя маці і бабка Анжалікі Сяргеевай. Маўляў, інакш немагчыма было выкарчаваць карані дрэва.
Трэці з пазоўнікаў, Данат Яканюк, таксама мае прэтэнзію да супрацоўнікаў спэцкамбінату. З магілы ягонага дзеда, колішняга настаяцеля царквы Аляксандра Неўскага айца Андрэя Туроўскага, пахаванага побач з царквой, зьнікла агароджа, пастаўленая пасьля вайны. Надмагільная пліта ёсьць, а агароджы няма. Пазоўнікі кажуць, што іх пра работы не папярэдзілі, нічога зь імі не ўзгаднілі.
Прыехаў зь Беласточчыны служыць ў менскі храм пасьля вайны
Вось што расказаў суду пэнсіянэр, былы супрацоўнік Беларускай тэлевізіі Данат Яканюк: «Калі я прыйшоў зноў на могілкі, убачыў тое, што мяне шакавала: агароджы няма, на месцы магілы — брукаванка вакол памятнай пліты. Спытаў у намесьніка дырэктара спэцкамбінату Сяргея Тура, што адбылося, куды падзелася агароджа. Ён сказаў, што на просьбу сьвятароў царквы яе сьпілавалі і ўтылізавалі на „Другчормэт“ у пасёлку Гатава. Я паімчаўся туды, разам з дырэктарам мы шукалі агароджу, але куды там што знойдзеш...»
Чаму такая дарагая Данату Яканюку гэтая агароджа? Кажа, што памяць пра дзеда яднае сям’ю — каля магілы яны ўсе зьбіраліся, а цяпер гэтага сьвятога для іх месца не пазнаць. Дзед быў настаяцелем праваслаўнага храма на Беласточчыне, а пасьля вайны, калі тэрыторыю перадалі Польшчы, пераехаў у Менск. Стаў служыць у царкве Аляксандра Неўскага, але неўзабаве памёр.
«Сваякі хаваліся на могілках ад бомбаў»
Ірына Маркевіч ня бачыла свайго дзеда Іосіфа Матусевіча, бо той памёр маладым яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Але яна памятае, як у 1960-я гады, калі яна была малой дзяўчынкай, ейны бацька зь вялікімі цяжкасьцямі здабыў матэрыялы і сам паставіў крыж і агароджу вакол магілы.
Яшчэ адно сямейнае паданьне такое: на гэтае месца сваякі прыбягалі падчас вайны хавацца ад бамбёжак, бо тут была ўскраіна гораду, яе не бамбілі.
«Колькі сябе памятаю, мы ўсе тут заўсёды зьбіраліся. Магілу даглядалі, фарбавалі агароджу, аднаўлялі надпісы. А тут прыходжу — і нічога няма, не магла знайсьці магілу, бо ўсе арыентыры зьнесеныя! Ані крыжа, ані агароджы, ані дрэва побач! Я была ў шоку і зьвярнулася да адміністрацыі ды адначасова выклікала міліцыю з Савецкага РУУС. Тады ж напісала заяву у міліцыю, каб разьбіраліся. Праз тыдзень я сустрэлася з намесьнікам дырэктара Сяргеем Турам, а ён адказаў, каб падавала ў суд, калі хачу. Гэта было вельмі зьняважліва».
Паводле Ірыны Маркевіч, тумба-надгалоўнік, якую паставілі замест крыжа, стаіць ня ў тым месцы, дзе была магіла. «Атрымліваецца, людзі ходзяць па костках».
Ці праўда, што яна не даглядала магілу дзеда?
Ірына Маркевіч гэта рашуча зьняпраўджвае. Кажа, што яна і сваякі наведвалі магілу рэгулярна, ня меней за 3 разы на год. У 2016 годзе яна зьвярталася да дырэкцыі з просьбай дазволіць ёй зрабіць добраўпарадкаваньне магілы дзеда — сьпілаваць дрэва, якое расло побач. Але супрацоўнікі адміністрацыі могілак сказалі, каб не турбавалася, праз год-два будзе рэканструкцыя, тады дрэва і зьнясуць.
«Прычым у афіцыйным адказе мне не паведамілі, што нешта на магіле дрэнна і я мушу тэрмінова гэта выправіць», — паскардзілася суду Ірына Маркевіч.
Жанчына дадала, што ў атрыманым адказе былі пазначаны ўсе яе каардынаты, але праз два гады яе ні пра што не папярэдзілі і зьнесьлі магілу з агароджай. Цягам апошніх двух гадоў да зносу магілы, кажа Ірына Маркевіч, яна не бачыла на агароджы таблічкі, што магіла прызнаная спарахнелай.
«Мне дагэтуль незразумела, чаму зьнесьлі магілу маёй бабулі і маці»
У 1944 годзе на Вайсковых могілках была пахаваная бабка Анжалікі Сяргеевай, а потым туды ж пахавалі і прах яе маці.
«Штогод на Радаўніцу я туды прыяжджаю, мы са сваякамі наведвалі і даглядалі магілу. Гэта для мяне сьвятое месца, бо маці памерла рана, калі мне было 20 гадоў, і яна сама расла без бацькоў, яе бабуля выхоўвала. І вось раптам летась у чэрвені мне паведамілі, што магілы няма, дэмантавалі. Адразу туды выехала. Жах! І надгалоўнік таксама паставілі ў месцы, якое не адпавядае рэальнаму».
Анжаліка Сяргеева таксама кажа, што яе ніхто не інфармаваў пра будучы дэмантаж агароджы і крыжа, і абураецца тым, што зьнішчылі яе маёмасьць «Мне дагэтуль незразумела, зь якой прычыны зьнесьлі магілу, бо яна была пафарбаваная, дагледжаная».
«Мне сьніцца маці, а прыходжу да яе, а там пуста»
Судзьдзя асобна распытаў кожнага з пазоўнікаў, чаму яны лічаць, што ім нанесеная маральная шкода?
«Бо зьнесьлі магілу. Мне сьніцца маці. Я прыходжу туды, а там пуста. Той магілы, якая была, няма. А гэта ж рабілі мае сваякі, гэта мне дорага», — сказала Анжэліка Сяргеева.
А вось як адказала на тое ж пытаньне Ірына Маркевіч: «Гэта было месца, дзе мы выхоўвалі нашых дзяцей, прывівалі ім павагу да продкаў. Ня проста прыбіралі-фарбавалі, а ўспаміналі продкаў, апавядалі дзецям пра іхны лёс, пра гераічнае жыцьцё. Бо як інакш выхоўваць? А цяпер? Што мне там рабіць, каля гэтага надгалоўніка? Там нават няма дзе паставіць кветкі».
Данат Яканюк таксама заявіў суду пра апаганьваньне духоўных традыцый сям’і: «Побач зь дзедам была пахаваная і мая бабуля, матушка, як у нас казалі. Я добра вывучыў дзедаў радавод, ён быў зь сям’і сьвятароў, а раней гэта была шляхецкая ўкраінска-беларуская сям’я. Ад вайны тройчы магілу дзядоў зьмянялі — і вось зноў, зусім зьнесьлі старую агароджу. Гэта вельмі балюча».
Як прымаецца рашэньне аб спарахнеласьці помнікаў на магілах?
Прадпрыемства «Спэцкамбінат КБА» пазоў у свой адрас цалкам не прызнае. Пра гэта ў судзе заявіў прадстаўнік пазванага, юрыст прадпрыемства Валеры Жук. Ён патлумачыў суду, як вызначаецца спарахнеласьць магілаў-помнікаў.
Валеры Жук спаслаўся на папраўкі у закон ад 2015 году, паводле якіх цяпер раз на 2 гады вызначаецца, ці даглядаецца магіла. Гэта вырашае адмысловая камісія ў складзе прадстаўнікоў Менгарвыканкаму, райвыканкаму і спэцкамбінату. Падчас інвэнтарызацыі чальцы камісіі аглядаюць закінутыя магілы і па вонкавым выглядзе вызначаюць іх спарахнеласьць — «стан, які выключае рамонт і аднаўленьне». Суправаджаецца рашэньне фотафіксацыяй. Па выніках інвэнтарызацыі складаюць акт, які зацьвярджае кіраўніцтва. А на магілы вешаюць таблічкі са зьвесткамі аб іх спарахнеласьці.
Паводле Валера Жука, гэтак і было зроблена у 2015 годзе пасьля звароту настаяцеля царквы ва ўрад аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак. Праз 2 гады, калі нічога не было зроблена, адміністрацыя мае права «дэмантаваць надмагільную пабудову» і паставіць там знак «зацьверджанага ўзору». Што і было зроблена, сказаў прадстаўнік спэцкамбінату. Прычым, паводле Валера Жука, быў выбраны ня самы танны варыянт. Першапачаткова разглядаўся варыянт «проста слупок з таблічкай».
Валеры Жук абверг словы пазоўнікаў, што тумбы-надгалоўнікі замест былых крыжоў былі ўсталяваныя не ў дакладных месцах. «Гэта немагчыма, адразу месца пазначаецца, і толькі на тым месцы ставяць надгалоўнік», — запэўніў суд юрыст спэцкамбінату КБА. Паводле яго, магіла Іосіфа Матусевіча не даглядалася, і таму на ёй была вывешаная таблічка, якая папярэджвала, што яна прызнаная спарахнелай. Чаму ж пазоўніца сьцьвярджае, што таблічкі не бачыла? Бывае, таблічкі зьнікаюць ужо назаўтра, але аднаўляць таблічку закон не патрабуе, сказаў юрыст.
Што тычыцца зносу агароджы і крыжа на магіле маці і бабкі Анжалікі Сяргеевай, дык, паводле Валерыя Жука, гэта было спантаннае рашэньне работнікаў спэцкамбінату, зьвязанае з немагчымасьцю інакш сьпілаваць дрэва на суседняй магіле. «Давялося выкопваць усю карнявую сыстэму».
Не пагадзіўся Валер Жук і з прэтэнзіямі Даната Яканюка. Паводле юрыста, агароджу з магілы дзеда і бабулі Яканюка зьнесьлі на распараджэньне намесьніка дырэктара Сяргея Тура, але той нібыта дзейнічаў «на сваю ініцыятыву, без адпаведных паўнамоцтваў», за што быў пакараны ў службовым парадку. «Прадпрыемства на тым месцы ўвогуле не працавала», — сказаў Валеры Жук. Увогуле юрыст мяркуе, што Данат Яканюк не да таго зьвярнуўся з пазовам.
Суд супраць спэцкамбінату КБА адновіцца 17 красавіка.