Сэрыя гутарак Свабоды з жыхарамі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, якія выбіраюць сабе прэзыдэнта і царкву: Маскоўскага патрыярхату ці ўкраінскую аўтакефальную.
Карэспандэнты Свабоды перад выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны 31 сакавіка выправіліся ў вёскі за 15–40 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Жыцьцё беларусаў Гомельшчыны і ўкраінцаў Чарнігаўшчыны шмат у чым падобнае: нізкія пэнсіі і заробкі, дэпрэсіўны стан вёсак і невялікіх гарадоў. Розьніца — у думках, спадзяваньнях, жыцьцёвай філязофіі.
Нашымі суразмоўцамі сталі бізнэсовец, пэнсіянэры, сьвятары, дзяржаўны службовец, юрыстка.
Яны расказалі:
- Як выбіраюць сабе ўладу
- Як выжываюць на малыя пэнсіі і заробкі
- Дзе месца Ўкраіны на мапе сьвету
- Чаму ня хочуць, каб было «як у Беларусі»
- Што будзе з праваслаўнай царквой ва Ўкраіне
Першая суразмоўца Свабоды — жыхарка Чарнігава, юрыстка Вольга Ахроменка.
У людных месцах Чарнігава побач стаяць агітацыйныя намёты за кандыдатаў на прэзыдэнта. Найбольш рэклямы — за Пятра Парашэнку, Уладзіміра Зяленскага і Юлію Цімашэнку.
Валянтэрамі пераважна пэнсіянэры. Мінакі спакойна рэагуюць на агітацыю, ажыятажу няма. У цэнтры Чарнігава, ля Цэнтральнага рынку мы сустракаемся з Вольгай Ахроменкай.
Пра вайну і расчараваньне ў Майдане
Вольга нарадзілася і ўсё сьвядомае жыцьцё пражыла ў Чарнігаве. Дваццаць гадоў яна была ў шлюбе зь беларускім пісьменьнікам Уладзіславам Ахроменкам, які памёр летась.
Вольга добра памятае дзевяностыя гады, калі цяжка жылося, згадвае, як выкінула свой камсамольскі білет усьлед за бацькам, які выракся камунізму. Памятае хлеб, які маці сушыла і нават кансэрвавала ў трохлітровых слоіках на «чорны дзень».
Цяпер Вольга Ахроменка працуе юрысткай. Яе заробак залежыць ад угодаў у сфэры нерухомасьці. У сярэднім яна мае ў месяц 200-300 даляраў. Зімой за камунальныя паслугі для трохпакаёвай кватэры ёй даводзіцца плаціць каля 100 даляраў. Ва Ўкраіне маламаёмныя маюць права на субсыдыі для аплаты ЖКГ ад дзяржавы, але Вольга не карыстаецца такой ільготай.
Чарнігаў блізка да Расеі і Беларусі. Паводле Вольгі Ахроменкі, тут шмат аматараў глядзець расейскія каналы, і «добра, што іх адключылі ў нас».
«Агулам кажучы, тыя, хто да вайны былі прыхільнікамі Януковіча і супраць Майдану — такімі і засталіся. Хто быў прагрэсіўным, хацеў эўрапейскай інтэграцыі, — такія цяпер узмацніліся. Але ёсьць і такая частка грамадзтва, як расчараваныя. Вось яны самыя небясьпечныя. Нават не заўзятыя «ватнікі» — яны ідэйныя ў сваім кірунку ці нэўтральныя. Але праслойка расчараваных — гэта тая частка, якая можа рэзка перафарбаваць сваю сьвядомасьць і стаць антыпатрыётамі, якія прынясуць больш шкоды, чым стабільныя «ватнікі», — разважае юрыстка.
Вольга Ахроменка кажа, што сама яна не расчараваная Эўрамайданам і Рэвалюцыяй годнасьці. Але разумее прэтэнзіі суайчыньнікаў да ўлады.
Пра выбары: «Ня тыя людзі балятуюцца»
Эканамічны стан у Чарнігаўскай вобласьці мог бы быць лепшы, прызнае Вольга, узровень жыцьця ўпаў. Але ў чарнігаўскіх кавярнях нават у панядзелак занятыя амаль усе месцы.
«Бо ў параўнаньні зь беларускімі цэнамі, а я нядаўна была ў Менску, у нас нашмат таньней. Людзі звыкла ходзяць у кавярні — пасядзець, перакусіць. Моладзь любіць папіць каву ды зрабіць сэлфі ў такіх установах», — кажа Вольга Ахроменка.
Цэны на ежу ў чарнігаўскіх кавярнях сапраўды невялікія у параўнаньні зь беларускімі. За 40 грыўняў (паўтара даляра) прынясуць вялікую талерку варэнікаў з рознымі начынкамі. У раённых цэнтрах можна паесьці яшчэ таньней.
«Эканоміка ня ў лепшым стане. Але нармальныя людзі, без саўковага мысьленьня, разумеюць, што краіна цяпер у стане вайны. Што разбуралася гадамі, раскрадалася пры тых прэзыдэнтах — мы ўсе павінны гэтыя цаглінкі складаць. Але я ўпэўнена — мусіць у нас нешта зьмяніцца! Ня тыя людзі балятуюцца. Павінна быць новая кроў. Важна адысьці ад алігархіі гэтай», — кажа Вольга.
Пра томас для Ўкраіны
Вольга Ахроменка задаволеная, што Ўкраінская праваслаўная царква атрымала ад Канстатынопальскага патрыярхату томас — права на аўтакефалію.
«Пры царкве Маскоўскага патрыярхату дзейнічаюць розныя антыўкраінскія рухі, парафіянам укладаюць у галаву антыўкраінскія настроі, а бабулькі слухаць бацюшку з адкрытым ротам і могуць і зь віламі пайсьці, калі ім гэта сказаць. Але пакуль не ідуць, бо ў нас ёсьць СБУ», — кажа Вольга Ахроменка.
Сама Вольга ня лічыць сябе актыўнай верніцай, але думае, што ва Ўкраіне царква павінна быць украінскай.
«У Беларусі жыць не хачу»
Вольга кажа, што ў Беларусі часам бывае ў справах, але жыць там яна не хацела б.
«Мне прыкра, што ў Беларусі так мала людзей падтрымліваюць Курапаты, што прымаюцца законы пра дармаедзтва, — кажа Вольга.— У вас такая неймаверная мова, гісторыя, ВКЛ — гэта проста бомба! Вы ў нейкім сэнсе больш шляхотныя, чым мы, але цяпер многія беларусы выглядаюць прыгнечанымі і запалоханымі. Мы ня хочам, каб было, як у Беларусі... Асабіста я ў Беларусі жыць не хачу, хачу жыць у дэмакратычнай дзяржаве, для мяне важна гаварыць тое, што я хачу, для мяне важная свабода. Мы ж людзі, а не жывёлы, якія жывуць рэфлексамі, у нас ёсьць разуменьне культуры, каштоўнасьці, свабода, мова», — кажа Вольга Ахроменка.
Пра будучыню дачкі
Дачка Вольгі Ліза Ахроменка валодае беларускай мовай — яна з маленства размаўляла з татам па-беларуску. Цяпер Ліза піша блогі для «Радыё Рацыя». Раней на гэтым радыё працаваў яе бацька Ўладзіслаў, рабіў вялікі праект пра сталінскія рэпрэсіі. Гэтай працы спрыяла тое, што Ўкраіна адкрыла архівы КДБ.
«Шмат чаго выйшла ў друку, эфіры на радыё. Шмат чаго Слава не пасьпеў напісаць і агучыць... Ён даведаўся ня толькі імёны і прозьвішчы ахвяраў, але і тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях, „здаваў“ людзей. Некаторыя з даносчыкаў і цяпер жывуць у Беларусі і няблага пачуваюцца», — кажа Вольга.
17-гадовая дачка Вольгі вучыцца ў музычным каледжы, мае стыпэндыю ў тысячу грыўняў. Летам падзарабляла зь сяброўкаю раздачай рэклямных улётак. Зарабіла за тыдзень дзьве тысячы грыўняў.
«Скончыць каледж — можа паступіць у кансэрваторыю. Калі не ва Ўкраіне, то можа ў Польшчы. Вялікія надзеі маю на Лізу, бо яна таленавітая і настойлівая, з характарам», — апавядае Вольга.
Яна спадзяецца, што дачка можа знайсьці працу ва Ўкраіне, бо цяпер адкрываюцца прыватныя садкі і школы, дзе выкладчыкі маюць добры заробак. Вольга мае надзею і на новыя прыватныя музычныя школы, дзе Ліза пры жаданьні магла б займець працу. Вольга Ахроменка перакананая: у дзяцей ёсьць будучыня ў роднай Украіне.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.