Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці аштрафавалі актывіста, які ўскладаў кветкі каля будоўлі на месцы расстрэлаў


Архіўнае фота. Віталь Казак ускладае вянкі да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму
Архіўнае фота. Віталь Казак ускладае вянкі да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму

Ленінскі суд Берасьця прызнаў вінаватым у хуліганстве грамадзкага актывіста Віталя Казака, які ўскладаў кветкі ды лямпадкі да будоўлі «Прыбускага кварталу» на месцы, дзе падчас акупацыі адбываліся расстрэлы вязьняў гета.

Заяву на актывіста напісала працаўніца камунальнай арганізацыі, якая прыбірала ўскладзеныя Казаком кветкі ды зь якой у актывіста адбылася з гэтай нагоды спрэчка.

Судзьдзя Аляксандар Семянчук аштрафаваў Віталя Казака на 255 рублёў.

Казак кажа, што ня лічыць сябе вінаватым у хуліганстве і будзе абскарджваць прысуд. Раней Віталь Казак ужо быў аштрафаваны за ўскладаньне вянкоў да будоўлі, апроч таго, яму давялося адбыць тры дні у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Ён тлумачыў: ён карэнны берасьцеец, лічыць «немаральным весьці будоўлю на касьцях забітых людзей».

«Пра месцы пахаваньняў ахвяраў нацызму я ведаю са словаў бабулі, мамы. Іхныя словы супадаюць з аповедамі іншых відавочцаў, — расказваў Казак. — У мяне жывуць сябры ў цэнтры гораду, якія ведаюць, што ў скляпеньнях дамоў ёсьць косткі людзей, якіх не перапахавалі, што калектары цеплатрасаў пракладалі па гэтых касьцях, а потым уперамешку зь зямлёй засыпалі.

Натуральна, такое хамскае стаўленьне да памяці людзей мяне і кранае. Бо сёньня гэта косткі тых, хто тут жыў, а потым — косткі маіх знаёмых ці сваякоў... Я хачу, каб да жыхароў гораду праявілі пашану».

Элітнае жыльлё на месцы расстрэлаў ахвяраў гета

На рагу вуліцы Куйбышава і праспэкту Машэрава ў Берасьці пачалі будаваць жылы комплекс «Прыбускі квартал». Тут і адкапаў экскаватар парэшткі спачатку некалькіх чалавек, а потым пошукавы батальён выявіў каля тысячы, і пошукі працягваюцца.

Гэтыя людзі былі расстраляныя ў часе нямецкай акупацыі, ідзецца пра ахвяраў Берасьцейскага гета.

Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што трэба забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак і стварыць там мэмарыяльны парк у памяць аб 30 тысячах забітых берасьцейскіх габрэяў. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю у Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісаліся 745 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG