Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы, дзе выявілі парэшткі вязьняў Берасьцейскага гета, будзе зялёная зона


Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал» у Берасьці, дзе выявілі парэшткі расстраляных
Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал» у Берасьці, дзе выявілі парэшткі расстраляных

Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук заявіў, што дом жылога комплексу «Прыбускі квартал» не закранае месца пахаваньня расстраляных габрэяў, піша Tut.by.

На месцы, дзе выявілі парэшткі вязьняў Берасьцейскага гета, плянуюць арганізаваць зялёную зону і мэмарыяльную пліту.

Паводле Рагачука, ад краю фундамэнту будынка да пахаваньня — 5 мэтраў. На праекце жылога комплексу пахаваньні першапачаткова траплялі пад «добраўпарадкаваньне тэрыторыі».

Ён адзначыў, што цяпер галоўная задача — падняць зь зямлі і перапахаваць усе парэшткі. Ён заявіў, што парковак і дзіцячых пляцовак на месцы пахаваньняў ня будзе. Пры гэтым ён адзначыў, што інвэстыцыйную дамову могуць разарваць з забудоўшчыкам праз прычыны, не зьвязаныя з выяўленьнем парэшткаў. Прэтэнзіі тычацца ўкладаньня інвэстыцый паводле заяўленага графіку.

Калі інвэстыцыйную дамову скасуюць, забудоўнік зможа працягнуць будаўніцтва, але безь «дзяржаўных перавагаў». Калі інвэстар «не пацягне», дзяржава забярэ пляцоўку і выставіць яе паўторна.

На рагу вуліцы Куйбышава і праспэкту Машэрава ў Берасьці пачалося ўзьвядзеньне жылога комплексу «Прыбускі квартал». Паводле апошняй інфармацыі, пашукавікі Міністэрства абароны выявілі парэшткі 980 чалавек. Гэта ахвяры Берасьцейскага гета, расстраляныя падчас нямецкай акупацыі.

Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што трэба забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак і стварыць там мэмарыяльны парк у памяць пра 30 тысяч забітых берасьцейскіх габрэяў. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам.

Пад пэтыцыяй падпісаліся каля 700 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG