Цягам 25 сакавіка ў цэнтры Менску стаяць аўтазакі, вуліцы патрулююць супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме і ў цывільным.
На Кастрычніцкай плошчы Менску аўтазакі стаяць за стэндам з дзяржаўнымі сьцягамі. Плошчу патрулююць супрацоўнікі АМАП і мужчыны ў цывільным з рацыямі.
Як напісаў чытач Свабоды Іларыён Трусаў, ля будынку на Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР, стаяць «два аўтазакі, супрацоўнікі АМАП і мікрааўтобус». Паводле Трусава, чалавек у цывільным зь мікрааўтобуса здымае тых, хто прыносіць кветкі да будынку.
«Пасьля таго, як я пакінуў кветкі, падышоў „чырвоны бэрэт“ і забраў нашыя кветкі», — напісаў Трусаў.
Увечары 25 сакавіка шэраг апазыцыйных палітыкаў, сярод якіх Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў, зьбіраюцца прайсьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ад Кастрычніцкай плошчы да дому на вуліцы Валадарскага (былая Серпухаўская), 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць БНР.
Арганізатары канцэрту на Дзень Волі ў Горадні заклікалі 25 сакавіка прынесьці кветкі да дому на Валадарскага, 9.
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА