У Віцебскім раённым судзе завяршыўся судовы працэс над журналістам-фрылансэрам Віталём Скрылём. Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП і наклаў штраф памерам 637,5 рубля «за незаконны выраб і пашырэньне прадукцыі СМІ».
Прадметам разгляду ў судзе стаў відэаматэрыял пра скарачэньні работнікаў Сеньненскага ўчастку Аршанскага сырзаводу, паказаны на тэлеканале Белсат. За гэты матэрыял Віталь Скрыль атрымаў другое месца ў конкурсе «Грамадзкая стужка 2.0», які праводзіў Віцебскі мэдыяцэнтар.
Сямёра работнікаў прадпрыемства выступілі на судзе ў якасьці сьведак, прычым усе сьцьвярджалі, што відэасюжэт цалкам праўдзівы.
Суд пастанавіў, што мела месца праца без акрэдытацыі на замежны СМІ, і аштрафаваў журналіста на 25 базавых велічыняў.
Віталь Скрыль кажа, што заўважыў шматлікія парушэньні падчас працэсу і непраўдзівыя зьвесткі ў матэрыялах судовай справы. Абураецца і тым, што судзьдзя адмовіўся даць яму перакладніка з расейскай на беларускую, заявіўшы, што «кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусі абавязаны валодаць дзьвюма мовамі». І першае, і другое пярэчыць закону, лічыць Скрыль.
Пастанову раённага суду журналіст зьбіраецца абскардзіць у Віцебскім абласным судзе.
- Летась Скрыля ўжо аштрафавалі за матэрыял для Белсату на 588 рублёў.
- Агульная сума штрафаў, прысуджаных журналістам за супрацоўніцтва зь «Белсатам» ад пачатку 2019 году, складае ўжо 8 670 рублёў.