Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера выклікалі ў міліцыю за камэнтар пад відэа пра «дармаедзкую» камісію


«Адно вакно» ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну г. Менску
«Адно вакно» ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну г. Менску

Менскага відэаблогера Паўла Сьпірына выклікалі ў міліцыю, якая праводзіць стасоўна яго праверку за публічную абразу чыноўніка (артыкул 189 Крымінальнага кодэксу).

Блогер распавёў карэспандэнту Свабоды, што пасьля публікацыі відэароліку пра пасяджэньне «дармаедзкай камісіі» яго вінавацяць у зьнявазе гонару і годнасьці намесьніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Сяргея Павачкі.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Сяргей Павачка напісаў заяву ў РУУС Ленінскага раёну Менску з прычыны абразы. У заяве чыноўнік паведаміў, што пакутуе, страціў сон і апэтыт. І надалей ня можа ажыцьцяўляць кіраўніцкую дзейнасьць, пакуль ня знойдуць чалавека, які пакінуў гэты камэнтар.

Што было ў відэароліку?

34-гадовага блогера Паўла Сьпірына, які мае сярэднюю спэцыяльную юрыдычную адукацыю, выклікалі на пасяджэньне «дармаедзкай» камісіі як незанятага ў эканоміцы. Там ён папрасіў «чалавечую працу», напрыклад, супрацоўніка ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму.

«Хочацца прыходзіць у добры, чысты кабінэт, каб людзі паважалі, віталіся, каб па пятніцах стаяла на стале бутэлька каньяку, а аўтамабіль нёс у рэстараны гораду Менску з прыгожай дзяўчынай на заднім сядзеньні», — зьвярнуўся да прысутных блогер.

Кіраўнік камісіі сказаў, што так, маўляў, могуць марыць толькі спартоўцы.

Блогера спыталі, ці зьвяртаўся ён на біржу працы. Паводле Паўла Сьпірына, «там прапаноўвалі сумнеўныя пасады», ад якіх ён вымушаны быў адмовіцца. Напрыклад, сантэхніка ў ЖЭСе.

«Пагадзіцеся, ніхто з вас ня пойдзе прабіваць корак у прыбіральні. І мне не хацелася. Хочацца чысьцейшай працы», — сказаў чальцам камісіі блогер.

Урэшце блогеру прапанавалі ўладкавацца майстрам у ЖКГ, на што ён пагадзіўся, і прыйсьці ў кабінэт да намесьніка кіраўніка адміністрацыі Сяргея Павачкі.

Відэаролік набраў 62 тысячы праглядаў

Павел Сьпірын разьмясьціў відэа з пасяджэньня «дармаедзкай» камісіі адміністрацыі Ленінскага раёну Менску, якое ўжо набрала 62 тысячы праглядаў і шмат камэнтароў.

«Пад ролікам зьявіўся камэнтар „Усё правільна! Нам, работнікам выканкаму, гэта таксама агідна, і мы таксама сабатуем гэта як умеем“. Павачка заявіў, што з сайту райвыканкаму быў узяты ягоны фатаздымак і далучаны да гэтага камэнтару. Ён заявіў, што камэнтар яго вельмі зьневажае і ён хоча, каб мяне прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Маўляў, гэты камэнтар нібыта напісаў я», — сказаў блогер.

«Няхай камэнтар выдаляе той, хто яго пакінуў»

Павел Сьпірын адмаўляе, што ён пісаў гэты камэнтар, і кажа, што дагэтуль ня быў знаёмы з Сяргеем Павачкам.

«У выніку я даваў тлумачэньні ў міліцыі, у мяне правялі агляд кватэры і сканфіскавалі цьвёрды дыск ад кампутара для экспэртызы. Яны спрабуюць абвінаваціць мяне ў тым, што напісаў нейкі пабочны чалавек. Мяне незаконна перасьледуюць».

Павел кажа, што ня лічыць камэнтар зьневажальным, таму выдаляць яго не зьбіраецца: «Няхай яго выдаляе той, хто яго пакінуў».

«Я відэа бачыў, але не камэнтаваў»

Сяргей Павачка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ён не пісаў заявы ў міліцыю на блогера Паўла Сьпірына.

«Я відэа бачыў, але не камэнтаваў».

Сяргей Павачка сказаў, што ён на працы, што «ўсё добра, ён жывы-здаровы».

У аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму інфармацыю пра інцыдэнт Свабодзе не далі.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG