Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Малдове паперадзе прарасейская Партыя сацыялістаў, але гэта не перамога


Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Малдове
Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Малдове

У Малдове, дзе 24 лютага адбыліся парлямэнцкія выбары, завяршаецца падлік галасоў. У выніку падліку 98% галасоў паперадзе партыя сацыялістаў (PSRM) — яна набрала 31,35% галасоў выбарнікаў.

На другім месцы — апазыцыйны блёк ACUM — 26,17% галасоў, на трэцім — Дэмакратычная партыя (PDM) — 24% галасоў, на чацьвёртым — кансэрватыўная папулісцкая партыя «Шор» («Șor») з 8,44% галасоў выбарнікаў.

Прэм’ер-міністар Малдовы Павэл Філіп і сьпікер парлямэнту Адрыян Канду пахвалілі «празрыстасьць» выбараў, іх «свабодны і дэмакратычны характар».

Гэтыя выбары ў парлямэнт упершыню прайшлі па зьмяшанай сыстэме. Калі раней 101 дэпутата тут выбіралі па партыйных сьпісах, дык цяпер 50 парлямэнтароў будуць абраныя па ранейшай схеме, а 51 — па аднамандатных акругах. Таму з улікам аднамандатнікаў, на выбарах верагодна пераможа кіроўная Дэмакратычная партыя з агульнай колькасьцю месцаў 34. Партыя сацыялістаў верагодна атрымае 30 месцаў, а праэўрапейскі блёк ACUM — 25.

Яўка на выбарах склала 49%, або 1 мільён 451 тысячу выбарнікаў.

Асноўная барацьба разгарнулася паміж прэзыдэнцкай Партыяй сацыялістаў, якую называюць прарасейскай палітычнай сілай, кіроўнай Дэмакратычнай партыяй алігарха Ўладзіміра Плахатнюка і праэўрапейскім апазыцыйным блокам ACUM. Шанцы трапіць у парлямэнт ёсьць і ў папулісцкай партыі «Шор».

Напярэдадні, у дзень парлямэнцкіх выбараў, сьпікер праэўрапейскага парлямэнту Малдовы Андрыян Канду абвінаваціў Расею ў спробе паўплываць на галасаваньне і заявіў, што за два дні да выбараў у МУС Расеі заявілі пра крымінальную справу супраць алігарха і кіраўніка кіроўнай Дэмакратычнай партыі Ўладзіміра Плахатнюка.

Сустаршыня блёку ACUM Мая Санду заявіла, што выбары 24 лютага ня могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі, таму што галасы выбарнікаў знаходзіліся пад уплывам «ілжывай інфармацыі». Санду заявіла, што гэтыя выбары былі самымі недэмакратычнымі ў гісторыі Рэспублікі Малдовы. Яна адзначыла, што на працягу дня былі адзначаныя шматлікія факты падвозу жыхароў Прыднястроўя на правы бераг Днястра для ўдзелу ў галасаваньні за грошы.

Агульная колькасьць выбарнікаў у Малдове і за яе межамі перавышае 3,2 мільёна. На выбары прыбылі больш за 4 тысячы назіральнікаў, каля 800 зь іх — замежныя назіральнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG