На сустрэчы 22 лютага ў Вайсковай акадэміі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць галоўным дасягненьнем стварэньне незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, піша БелТА.
«Сувэрэнітэт і незалежнасьць — гэта самае вялікае дасягненьне, якое мы сёньня маем, — цытуе БелТА Лукашэнку. — І я ганаруся і радуюся, што я першы прэзыдэнт гэтай сувэрэннай краіны. І тое, што мы стварылі разам, гэта самае вялікае дасягненьне. Мы з вамі пабудавалі першую ў нашай гісторыі сувэрэнную незалежную дзяржаву».
Калі Беларусь атрымала незалежнасьць у 1991 годзе, Лукашэнка ня быў ейным кіраўніком — тады ён быў простым дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Калі той Вярхоўны Савет галасаваў за абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, Лукашэнка не галасаваў і нават адмовіўся рэгістравацца — у стэнаграме ён пазначаны як адсутны.
Лукашэнка дадаў, што не дапусьціць страты сувэрэнітэту. Ён заявіў, што ніколі ня пойдзе на тое, каб сувэрэнітэт «пахаваць сваімі ўласнымі рукамі, уключыўшы яго ў склад нейкай іншай краіны, ці то Польшчы, ці то Расеі». Маўляў, ён — Лукашэнка — мае «выразныя межы, за якія ня можа пераступіць».
Незалежнасьць Беларусі ўжо прапаноўвалі адлічваць ад Лукашэнкі
Выданьне Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ — Беларусь сегодня» ў мінулым кастрычніку прапаноўвала адлічваць незалежнасьць Беларусі ад прэзыдэнцтва Лукашэнкі – не ад 1991 году, а ад 1994-га.
Аргумэнты прыводзіліся такія: незалежнасьць да Лукашэнкі была «ўмоўная» з прычыны эканамічнага і сацыяльнага крызісу, да Лукашэнкі літоўскія спэцслужбы выкрадалі зь Беларусі людзей.
Лукашэнка выказаўся супраць перапісваньня гісторыі
Як піша БелТА, Лукашэнку ў Вайсковай акадэміі паказалі стэнд, прысьвечаны 100-годзьдзю Ўзброеных сілаў Беларусі. Аглядаючы экспазыцыю, ён заявіў, што «ў мінулым неаднаразова гісторыю спрабавалі зламаць і перапісаць, а на яе неабходна глядзець вачыма патрыётаў, шчырых і аб’ектыўных людзей, не каб дагадзіць тым ці іншым палітыкам і дзяржаўным дзеячам».
Праўда, 100-годзьдзе Ўзброеных сілаў Беларусі адзначалася з прывязкай да 23 лютага 1918 году, калі не было ні Беларусі як незалежнай дзяржавы, ні Ўзброеных сілаў Беларусі (але розныя дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі Беларусі мелі ўзброеныя сілы і за 500, і за 1000 гадоў да таго). Сьвяткаваньне, як і «100-годзьдзе міліцыі», было прывязанае да расейска-савецкай даты, не зьвязанай наўпрост зь Беларусьсю.
Савецкае сьвяткаваньне Дня абаронца айчыны таксама зьвязанае з фэйкам: насамрэч 23 лютага 1918 году бальшавікі ўцякалі зь Менску ад немцаў.