Аляксандар Лукашэнка прыгразіў беларускім хакеістам заробкам 500 даляраў у выпадку правальных гульняў. Пра гэта ён сказаў на сустрэчы з курсантамі і выкладчыкамі Ваеннай акадэміі.
«Мы мільёны даляраў растрацілі на „Дынама“ (Менск), і дзе яны зараз?» — цытуе Лукашэнку БелТА. — «Беларуськалій» перастаў іх фінансаваць, і правільна зрабіў, будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі — усё аддаём. Прайгралі — 500 даляраў».
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што гатовы падтрымаць любы від спорту, калі зьявяцца людзі, якія будуць ня проста патрабаваць грошы на выступы, але і займаць добрыя месцы.
«Усё, што тычыцца спорту, выжывальнасьці і паказу нашага духу, я заўсёды падтрымаю. Але ня так, што звычайна да мяне прыходзяць: «Дайце кучу грошай, купіце гэта і гэта, я паспрабую», — растлумачыў сваю пазыцыю Лукашэнка.
Паводле кіраўніцтва клюбу, бюджэт менскага «Дынама» вагаецца ў межах 20 мільёнаў даляраў, якія паступаюць зь дзяржаўных крыніц. Палова гэтай сумы ідзе на заробкі.
У найлепшыя часы, калі каманда трапляла ў плэй-оф Кантынэнтальнай хакейнай лігі, асобныя хакеісты за сэзон маглі зарабіць больш як паўмільёна даляраў. Некалькі гадоў рэкардсмэнам быў натуралізаваны беларус Джэф Плат, які меў больш як 800 тысяч даляраў. У гэтых жа межах атрымліваў экс-брамнік Андрэй Мезін.
500–600 тысяч даляраў зараблялі Збынек Іргл, Яраслаў Обшут, Шарль Лінгле. Ганарары беларусаў прыблізна напалову меншыя — 200–350 тысяч даляраў.
У апошнія гады, калі каманда пачала рэзка скідаць абароты, фінансаваньне абрэзалі, але заробкі ўсё роўна непараўнальныя зь сярэднімі па краіне.