«Сур’ёзнай праблемай, пра якую ўжо гаворыць уся прафэсійная супольнасьць, стала выдача гастрольных пасьведчаньняў, у тым ліку замежным артыстам»,— заявіў міністар культуры Беларусі Юры Бондар 18 лютага на выніковай калегіі міністэрства.
Тэкст дакладу апублікаваны на сайце Міністэрства культуры Беларусі.
На думку міністра, забароны канцэртаў могуць быць інтэрпрэтаваныя як яўная цэнзура і адсутнасьць свабоды творчага самавыяўленьня.
«Цяперашняя практыка забаронаў часта нэгатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў», — падкрэсьліў чыноўнік і адзначыў найбольш рэзанансныя забароны канцэртаў папулярных расейскіх рэп-выканаўцаў, а таксама сусьветна вядомага паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord.
Разам з тым Бондар адзначыў, што творчасьць, якая прапагандуе ўжываньне наркотыкаў, суіцыды, асацыяльны лад жыцьця і г. д. не павінна трансьлявацца са сцэны. У астатніх выпадках магчыма ўжыць больш строгі кантроль у дачыненьні да ўзросту наведнікаў канцэртаў.
Таксама міністар прапанаваў зьняць усялякія абмежаваньні для канцэртаў, якія праводзяцца ў параўнальна невялікіх памяшканьнях (клюбах).
«Відавочна, што такія імпрэзы носяць асабліва субкультурны характар і ня могуць нанесьці істотнай шкоды грамадзтву, але іх абмежаваньне або забароны зноў-такі могуць быць інтэрпрэтаваныя ў памылковым ключы», — сказаў Бондар.
Раней сьцьвярджалася, што нямала беларускіх музыкаў былі ў нефармальных «чорных сьпісах»: забараняліся і зрываліся канцэрты Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту Dzieciuki і іншых.
Часам называліся сумнеўныя прычыны, як то «ўцечка этыленгліколю» або «нізкі прафэсійны ўзровень»; часам проста не давалі гастрольнага пасьведчаньня, а часам не давалі праводзіць канцэрты нават з «гастролькай». Празь «нізкі мастацкі ўзровень» сёлета забаранілі канцэрт паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord. Музычны крытык Аляксандар Чарнуха публікаваў на Onliner.by падрабязны разбор прынцыпаў і мэтадаў забаронаў канцэртаў у Беларусі.