У Нямеччыне ў кулюарах Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў сустрэчу з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам, падчас якой бакі абмеркавалі агрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта Ўкраіны.
«Абмеркаваныя шляхі ўзмацненьня супрацоўніцтва Ўкраіны з NATO ў адказ на існуючыя пагрозы ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў, у прыватнасьці з мэтай умацаваньня патэнцыялу ўкраінскіх ВМС.
У гэтым кантэксьце адзначаная важнасьць чаканага візыту ва Ўкраіну Паўночнаатлянтычнай Рады NATO, які таксама мае прадэманстраваць нязьменную падтрымку NATO Украіне ў супрацьдзеяньні агрэсіі Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле дадзеных канцылярыі ўкраінскага прэзыдэнта, Енс Столтэнбэрг праінфармаваў Пятра Парашэнку аб сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, на якой кіраўнік NATO «заклікаў Расею вызваліць украінскіх маракоў».
Ад сёньняшняга дня і ў выходныя ў Мюнхэне будзе праходзіць Мюнхэнская канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі. Лідэры дзяржаваў і арганізацыяў будуць абмяркоўваць пытаньні, як умацаваць сусьветную бясьпеку ва ўмовах узброеных канфліктаў.
Прэзыдэнт Беларусі, які меўся ўдзельнічаць у канфэрэнцыі, у Мюнхэн не паехаў, бо ў гэты момант сустракаўся ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.