На рэканструяванай у 2018 годзе вуліцы Камсамольскай у Менску пакрыліся іржой мэталічныя элемэнты — люкі, краты вадасьцёкаў, слупкі агароджы і ланцугі на іх, піша БелаПАН.
Рэканструкцыяй вуліцы займалася «Менская спадчына». Дырэктар арганізацыі Аляксандар Кохан патлумачыў, што прычынай карозіі стала ўзьдзеяньне супрацьгалалёдных рэагентаў, піша Tut.by.
«Пра праблему ведаем, бачылі. Ланцугі і люкі — гарантыйныя. З пастаўшчыкамі дасягнулі дамоўленасьці: пры наступленьні спрыяльнага надворʼя ўсё будзе ліквідавана, пастаўшчык будзе перафарбоўваць люкі і ланцугі. Таксама будзе выкарыстана спэцыяльнае пакрыцьцё, для таго каб прадухіліць такія выпадкі», — сказаў Кохан.
Каналізацыйныя люкі на Камсамольскай ужо мянялі, бо першапачаткова паставілі не таго памеру. Праз гэта мянчук Алег праваліўся ў адзін зь люкаў, пісаў Onliner.by.
Летась пасьля залеваў былі затопленыя вуліцы ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. Камсамольскую тапіла тры разы, яе жартам празвалі «суднаходнай».
Рэканструкцыя вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у Менску завяршылася напярэдадні дзяржаўнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня 2018 году. Там, дзе раней была паркоўка, зрабілі пешаходную зону. Для праезду аўтамабіляў пакінулі адну паласу.
Менчукі прасілі праверыць, ці была растрата бюджэтных сродкаў падчас рэканструкцыі. Менгарвыканкам адказаў, што Камсамольскую рэканструявалі згодна з праектам і пастановай Савету Міністраў.