Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаву Клінтана ў Курапатах зноў разбурылі. ФОТА

абноўлена

Мэмарыяльны знак «лава Клінтана» ў Курапатах пастаўлены ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША, разбураны другі раз за месяц.

Пра гэта Свабодзе паведаміла актывістка абароны Курапатаў Ганна Шапуцька.

«Налічылі больш за 14 кавалкаў. 4 адносна вялікія ляжаць на пастамэнце, іншыя раскіданыя вакол, вянок таксама разламаны. Пастамэнт цэлы, але лава разбураная. Прычым бачна, што цэлая сьцежка вытаптаная ад лесу да лавы. Відаць, не адзін раз туды-сюды хадзілі. Магчыма, і не адзін чалавек», — сказала Шапуцька.

Час, калі ў Курапатах адбыўся чарговы акт вандалізму, ёй не вядомы.

Фрагмэнт вянка з лавы
Фрагмэнт вянка з лавы

На месцы здарэньня вядуцца сьледчыя дзеяньні.

Паводле актывісткі Алены Талстой, 5 лютага ў абед лава Клінтана яшчэ не была зноў разьбітая.

«Тады ўсе 4 кавалкі яшчэ ляжалі складзеныя побач на пастамэнце. Іншых разбурэньня не было», — сказала Алена Талстая.

1 лютага невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў.

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG