Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды ў «справе мэдыкаў». Былога намесьніка міністра Ласіцкага адправілі за краты


Падсудны Ігар Ласіцкі ў судовай залі
Падсудны Ігар Ласіцкі ў судовай залі

Менскі гарадзкі судпакараў за карупцыю былога намесьніка міністра аховы здароўя Беларусі Ігара Ласіцкага і былога галоўнага лекара 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімера Краўчонка. Ласіцкаму прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі, Краўчонку — 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Пракурор прасіў для абвінавачаных амаль мінімальныя тэрміны пакараньня з магчымых — 5 і 6 гадоў пазбаўленьня волі. Артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім іх судзілі (атрыманьне хабару), прадугледжвае пакараньне ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Суды ў «справе мэдыкаў» пачаліся адразу пасьля навагодніх сьвятаў — 11 студзеня. Адным зь першых прайшоў працэс Ігара Ласіцкага і Ўладзімера Краўчонка — былога галоўнага лекара 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску. Абодвух абвінавачвалі ў неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

Уладзімір Краўчонак
Уладзімір Краўчонак



8 лютага Менскі гарадзкі суд прызнаў віну Ігара Ласіцкага і Ўладзімера Краўчонка даказанай і пакараў пазбаўленьнем волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады.

Пасьля абвяшчэньня выраку Краўчонка ўзялі пад варту ў залі суду. З кастрычніка былы галоўны лекар 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі быў пад хатнім арыштам. Ласіцкі заставаўся пад вартай.


Пракурор прасіў амаль мінімальнага пакараньня


30 студзеня на працэсе Ласіцкага і Краўчонка прайшлі спрэчкі бакоў. Перад імі адвакатка Ўладзімера Краўчонка папрасіла суд далучыць да матэрыялаў справы хадайніцтва калектыву 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі, дзе Краўчонак быў галоўным лекарам. У хадайніцтве гаварылася пра дасягненьні Краўчонка, таксама яго былыя калегі прасілі суд аб паблажлівасьці да свайго былога кіраўніка.

Дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў у сваёй прамове назваў карупцыю «той іржой, якая разьядае дзяржаўную сыстэму», і папрасіў суд пакараць былога намесьніка міністра Ігара Ласіцкага 6 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Ўладзімера Краўчонка — 5 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасьці.

«Вінаватасьць абодвух цалкам пацьвярджаецца паказаньнямі абвінавачаных, — сказаў на працэсе пракурор. — Таксама яны абодва прызналі сваю віну і добраахвотна кампэнсавалі нанесеную дзяржаве шкоду ў поўным аб’ёме. Паказаньні абвінавачаных пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведак, дадзенымі ў судзе і падчас папярэдняга сьледзтва».

Ігар Ласіцкі
Ігар Ласіцкі


«Прызнаю сваю віну па ўсіх эпізодах»


«Глыбокапаважаны высокі суд. Практычна пра ўсё, што я хацеў, напэўна, сказаць, ужо сказала мая абаронца, — так пачаў сваё апошняе слова Ігар Ласіцкі. — Я хачу толькі акцэнтаваць увагу на некаторых пазыцыях.

Гэта тое, што я сапраўды па ўсіх эпізодах прызнаю сваю віну. Ні ў якай меры не зьбіраюся аспрэчваць ніводнага эпізоду, выказанага ў матэрыялах маёй справы. Усе прызнальныя паказаньні я даваў самастойна і бязь ціску».



У чым абвінавачвалі Ласіцкага і Краўчонка


Згодна з матэрыяламі справы, злачынная дзейнасьць былога намесьніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага пачалася ў жніўні 2015 году, калі ён атрымаў ад кіраўніка адной з прыватных фірмаў хабар у памеры 1500 даляраў.

У 2016 годзе Ігар Ласіцкі, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Шарсьнёва, атрымліваў хабар на сваім працоўным месцы ў Міністэрстве аховы здароўя. У лютым 2016 году Ласіцкі атрымаў 10 тысяч даляраў, у тым жа годзе быў яшчэ адзін эпізод з атрыманьнем 10 тысяч эўра.

Ва ўсіх выпадках прычынай атрыманьня хабару ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, па словах пракурора, стала «спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў, якія знаходзіліся ў ягонай кампэтэнцыі». Паводле матэрыялаў справы, у міністэрстве Ігар Ласіцкі быў куратарам закупак мэдычнай тэхнікі, а таксама ўваходзіў у склад камісій, якія вырашалі пытаньні аб рэгістрацыі замежнай тэхнікі ў Беларусі.

Ва Ўладзімера Краўчонка, паводле агучаных у судовым працэсе паказаньняў і матэрыялаў справы, каля дзясятка эпізодаў атрыманьня хабару памерам ад 15 тысяч эўра да 300 рублёў. Акрамя гэтага, Краўчонак прызнаўся ў спробе даць хабар памерам 2000 даляраў Ігару Ласіцкаму за спрыяньне прыватнай кампаніі дачкі Краўчонка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG