Урад Беларусі перанёс тэрміны зацьвярджэньня сьпісаў «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы», якія будуць цалкам кампэнсаваць выдаткі на камунальныя паслугі, піша БелТА.
Спойлер: першыя «дармаедзкія» жыроўкі прыйдуць у сакавіку.
Да 1 лютага камісіі па каардынацыі працы па садзейнічаньню занятасьці насельніцтва сфармавалі сьпісы «дармаедаў», якія будуць плаціць «камуналку» у поўным памеры.
«Тыя, хто патрапіў у сьпісы, будуць дадаткова праінфармаваны праз жыроўкі. Пры гэтым налічэньне аплаты за паслугу гарачага водазабесьпячэньня па поўнаму тарыфу за студзень 2019 адбывацца ня будзе», — адзначылі ў Міністэрстве працы.
Калі «дармаед» цягам лютага не пацьвердзіць сваю занятасьць, яму пералічаць камуналку за студзень, адзначылі ў Міністэрстве працы.
Усё пра «дармаедзкі» дэкрэт
Як пісала Свабода, на 31 студзеня канчатковыя сьпісы плацельшчыкаў яшчэ не былі сфармаваныя. Дэкрэт № 1 пачаў дзейнічаць 1 сьнежня, налічваць «дармаедзкую камуналку» мусілі пачаць у студзені.
Чаму сплату «дармаедзкай камуналкі» адтэрмінавалі?
Паводле БелТА, такое рашэньне дасьць магчымасьць пацьвердзіць сваю занятасьць людзям, якіх аднесьлі да «незанятых у эканоміцы».
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.