Двух хлопцаў і непаўналетнюю дзяўчыну затрымалі падчас закладкі наркатычных рэчываў. Яшчэ двое падлеткаў былі затрыманыя за «наркарэкляму» — роспісы гарадзкіх будынкаў кантактамі наркадылераў.
Як паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз, у распаўсюднікаў знайшлі псыхатроп альфа-PVP. Супраць хлопцаў 2000 і 2001 гадоў нараджэньня і непаўналетняй дзяўчыны завялі крымінальную справу паводле ч. 3 артыкулу 328, ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Дагэтуль праблем з законам затрыманыя ня мелі.
Пад увагу міліцыі трапілі і двое віцяблян, якія рэклямавалі паслугі наркадылераў — з дапамогай фарбы і трафарэтаў наносілі на будынкі кантакты распаўсюднікаў наркатычных рэчываў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Міліцыя пачала шукаць вінаватых пасьля таго, як пра гэта напісалі ў СМІ.
Сьледчыя высьветлілі, што хлопцы 1998 і 1999 гадоў нараджэньня ня толькі малявалі «наркаграфіці», але і распаўсюджвалі наркотыкі, якімі разьлічваліся замоўнікі. Супраць «графітыстаў» таксама распачалі крымінальную справу паводле «наркатычнага» артыкулу, паведамляе сайт Віцебскага абласнога ўпраўленьня міліцыі.
Летась віцебская міліцыя затрымлівала дваіх падлеткаў за падобныя росьпісы будынкаў, але яны даказалі, што «заробкі» атрымлівалі выключна грашыма. Тады хлопцаў пакаралі толькі за псаваньне маёмасьці — штрафамі ў адну базавую велічыню (24,5 рубля).