Кампанія зьвязаная з падрыхтоўкай да мясцовых выбараў 2022 году.
Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» ад 28 студзеня пачала рыхтавацца да мясцовых выбараў, якія павінны прайсьці ў Беларусі ў 2022 годзе.
Пра гэта лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацьцяна Караткевіч аб’явілі 28 студзеня на круглым стале, дзе актывісты кампаніі абмяркоўвалі праблемы мясцовага самакіраваньня.
Пашыраць кола сваіх прыхільнікаў «Гавары праўду» зьбіраецца найперш праз таварыствы ўласьнікаў. Досьвед, якім падзяліліся актывісты Зьміцер Бандарчук з Горадні і Яўген Казлоўскі зь Менску, паказвае, што праз рашэньне «маленькіх праблем» кшталту супольнай расчысткі ад сьнегу і лёду пляцовак каля дамоў, арганізацыі спартакіяд двароў, асфальтаваньня дарожак і іншага можна знайсьці высокую падтрымку ў насельніцтва.
«Гавары праўду» зьвернецца да ўладаў з просьбай спрасьціць працэдуру ўтварэньня таварыстваў уласьнікаў і пашырыць правы гэтых грамадзкіх арганізацыяў. 28 студзеня актывісты кампаніі пачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй да ўраду аб неабходнасьці далучэньня Беларусі да Эўрапейскай хартыі самакіраваньня.
На прэзыдэнцкія выбары «Гавары праўду» пойдзе самастойна
«Наша кампанія ўпэўненыя, што мы здольныя самастойна сабраць 100 тысяч подпісаў выбарнікаў для свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Менавіта таму „Гавары праўду“ вылучыць самастойнага кандыдата. Хто будзе ім канкрэтна, вызначымся пазьней», — заявіў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў.
Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў Беларусі чакаюцца ў 2020 годзе, мясцовыя — у 2022-м.
Эўрапейская хартыя мясцовага самакіраваньня была прынятая ў 1985 годзе Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы і зьяўляецца шматбаковым дакумэнтам, які вызначае фундамэнтальныя прынцыпы функцыянаваньня органаў мясцовага самакіраваньня.
Хартыя зьяўляецца міжнароднай дамовай і мае прыярытэт у дачыненьні да нацыянальнага заканадаўства кожнай зь дзяржаваў, якая яе падпісала і ратыфікавала. 47 краінаў-удзельніц Рады Эўропы падпісалі і ратыфікавалі Хартыю.
Хартыя:
- абавязвае дзяржавы замацаваць ва ўнутраным заканадаўстве і прымяняць на практыцы сукупнасьць юрыдычных нормаў, якія гарантуюць палітычную, адміністрацыйную і фінансавую незалежнасьць муніцыпальных утварэньняў;
- усталёўвае неабходнасьць канстытуцыйнага рэгуляваньня аўтаноміі мясцовага самакіраваньня;
- зьяўляецца першым юрыдычным дакумэнтам, які гарантуе выкананьне прынцыпу субсыдыярнасьці дзяржавамі — сябрамі Рады Эўропы, у адпаведнасьці зь якім публічныя абавязацельствы павінны рэалізоўвацца на найбольш блізкім да насельніцтва ўзроўні.