Кіраўнік Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абвясьціў, што ягоная краіна разрывае дыпляматычныя адносіны з ЗША. Ён даў амэрыканскім дыпляматам 72 гадзіны, каб пакінуць Вэнэсуэлу.
Раней у сераду лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі, сьпікер парлямэнту краіны Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы перад тысячамі прыхільнікаў, якія віталі яго на вуліцах Каракаса. Пазьней ён публічна прыняў прэзыдэнцкую прысягу.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што прызнае Гуайдо кіраўніком Вэнэсуэлы. Трамп заклікаў іншыя ўрады Заходняга паўшар'я зрабіць тое самае.
У сваёй заяве прэзыдэнт ЗША зазначыў: «Мы надалей лічым незаконны рэжым Мадура непасрэдна адказным за любыя пагрозы бясьпецы вэнэсуэльскага народу».
Прызнала Гуайдо дзейным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў. Пра гэта заявіў у сетцы Twitter яе генэральны сакратар Луіс Альмагра. У той жа час прадстаўнік прэзыдэнта Мэксыкі паведаміў, што гэтая краіна па-ранейшаму прызнае прэзыдэнтам Мадура і заклікае да дыялёгу паміж грамадзянамі Вэнэсуэлы.
Пра пляны Канады прызнаць Гуайдо новым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы паведаміў на ўмовах ананімнасьці канадзкі ўрадовец.
Як мінімум чатыры чалавекі сталі ахвярамі сутыкненьняў падчас пратэстаў супраць новага тэрміну прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, якія прайшлі ў ноч на сераду ў сталіцы і рэгіёнах краіны. Пра гэта ў сераду паведаміла Agence France Presse са спасылкай на дадзеныя паліцыі і няўрадавых арганізацый. У сераду сутыкненьні працягваліся, паліцыя ўжывала супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ.
Да гэтага жыхары шэрагу раёнаў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасу 21 студзеня выйшлі на антыўрадавыя маніфэстацыі пасьля няўдалай спробы групы вайскоўцаў зладзіць мяцеж раніцай таго самага дня.
10 студзеня пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле Мадура ўступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Ён прынёс прысягу ў Вярхоўным судзе, а не ў Нацыянальнай асамблеі, якая знаходзіцца пад кантролем палітычных апанэнтаў прэзыдэнта ад сьнежня 2015 году.
Больш за дзясятак краін лацінаамэрыканскага рэгіёну заявілі аб непрызнаньні новага прэзыдэнцкага тэрміну Мадура.