Лёсам 28-гадовай грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч (Насьці Рыбкі), замяшанай у расейскі палітычны скандал, заапекваўся Аляксандар Лукашэнка.
Карэспандэнт Свабоды пабываў у Бабруйску і распытаў сябровак, суседзяў і настаўнікаў, якой яны памятаюць славутую сваімі сэксуальнымі прыгодамі Анастасію Косьціну (дзявочае прозьвішча Вашукевіч).
Удзельніца «сэкс-трэнінгаў» Насьця Рыбка стала славутай пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага магчымых карупцыйных сувязяў мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. У ім палітык выкарыстоўваў відэазапісы і цытаты з кнігі беларускі.
«Канфліктавала з маці»
Дом, у якім жыла Анастасія Косьціна разам з прыёмнай маці Людмілай Іванаўнай, месьціцца на вуліцы Ўрыцкага. Цагляны дзевяціпавярховік непадалёк ад гарадзкога цэнтру. З вокнаў відаць бабруйская крэпасьць і лядовы палац. Цяпер у іхнай кватэры гаспадараць іншыя людзі, якія, са слоў суседзяў, зьяўляюцца дужа рэдка.
Насупраць жыве маладая сям’я. Гаспадыня кажа, што разам з Насьцяй гадаваліся. Хадзілі на плаваньне і танцы, гулялі ў двары. Апошнія гадоў пяць ня бачыліся. Назваць былую суседку сяброўкай суразмоўца не адважылася.
«Насьця, бывала, канфліктавала з маці, але для падлетка гэта звычайная рэч. Яе асабістым жыцьцём не цікаўлюся. Нашы жыцьцёвыя дарогі разышліся. Ведаю, што яна рана выйшла замуж. Нарадзіла сына. Часта была ў разьездах. Прывозіла грошы. Яе сына гадавала Людміла Іванаўна. Хлопчык ня раз да нас забягаў», — расказала былая суседка Насьці Косьцінай.
Пра падзеі, зьвязаныя з арыштам Анастасіі, суразмоўца чытала ў інтэрнэце.
«Кожны робіць сваё жыцьцё такім, якім бачыць яго», — адказала яна на пытаньне пра стаўленьне да занятку былой суседкі.
«Дзяўчынка была з характарам. Сваволіла»
Прыёмная маці Насьці працавала ў адной з бабруйскіх лякарняў афтальмолягам. Лічылася добрым спэцыялістам. Паводле суседзяў, як выйшла на пэнсію, падпрацоўвала ў дзіцячай паліклініцы. Узяла Насьцю за дачку немаўлём. Як кажуць суседзі, дапамагала гадаваць малую і маці Людмілы Іванаўны, якой ужо няма ў жывых.
«Людміле Іванаўне было няпроста з Насьцяй. Дзяўчынка была з характарам і часта ўпадала ў гістэрыку, калі нешта было не па ёй. Сваволіла. Зь сёмага паверху кідала на мінакоў пакеты з вадою», — прыгадала суседка Настасьсі па пад’езьдзе.
На пахаваньні маці Анастасію суседзі не заўважылі
Людмілы Іванаўны ня стала тры гады таму. Суседзі не заўважылі Насьцю на пахаваньні маці. Пакуль жывая, яна займалася выхаваньнем унука — сына Анастасіі.
Муж Насьці Рыбкі Мікалай Вашукевіч летась расказваў Свабодзе, што не жыве разам з жонкай «гады два — два з паловай». Пазнаёміліся недзе ў 2010 годзе, зарэгістравалі шлюб у 2014-м.
«Сын жыве са мной. Насьця мае магчымасьць бачыцца зь ім», — сказаў Мікалай Вашукевіч.
«Вядома, было няпроста пажылой жанчыне гадаваць дзіця, але такая была яе доля, — кажа яшчэ адна суседка Людмілы Іванаўны. — Я памятаю ейнага ўнука. Неяк нам давялося яго забраць да сябе. Малы блукаў па двары без прыгляду, і калі мы высьветлілі, чый ён, то пакінулі чакаць бабулю ў нас. Паслухмянае было дзіця».
У школе характарызуюць Анастасію, як «далёка не дурную»
Бабруйская школа № 1, у якой вучылася Насьця, стаіць непадалёк ад дома, у якім яна жыла. Дырэктар Генадзь Чарапко адмовіўся гаварыць пра былую вучаніцу, адзначыўшы толькі, што «яна далёка не дурная». Ён выкладаў у яе фізыку.
У школе лічаць, што Анастасія Косьціна сваім жыцьцём «псуе імідж школы і не заслугоўвае таго, каб ёй удзялялі столькі ўвагі».
Адшукаць блізкіх сябровак Настасьсі не ўдалося. Суседзі кажуць, што ў яе іх і не было. Маўляў, дзяўчына цяжка сыходзілася зь людзі і працяглыя ўзаеміны ёй не ўдаваліся. У гэтым яны бачыць прычыну яе нібыта двух няўдалых шлюбаў.
«Беларусь для Анастасіі — дно»
Адна з тых, каго парэкамэндавалі як былую сяброўку, сказала Свабодзе, што Насьця дужа хацела трапіць на тэлевізію і стаць вядомай, а «нашу краіну разглядала як дно ў пляне сваіх амбіцыяў».
«Яна сама вінаватая. Нельга тыкаць „валадарам гэтага сьвету“. Разварушыла асінае гняздо і ня здолела ў час спыніцца», — выказалася яна.
Паводле суразмоўцы, з другім мужам, Мікалаем Вашукевічам, Насьця афіцыйна застаецца ў шлюбе.
Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.