Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пацьвердзіў завядзеньне крымінальнай справы супраць анархістаў за графіці

абноўлена

Адзін з затрыманых анархістаў Дзьмітры Паліенка
Адзін з затрыманых анархістаў Дзьмітры Паліенка

Абноўлена, 19:37. Трох затрыманых выпусьцілі з РУУС пасьля допытаў.

У Сьледчым камітэце Беларусі Свабодзе пацьвердзілі факт затрыманьня трох актывістаў анархісцкага руху, а таксама тое, што на іх заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 341 КК РБ.

«У якасьцi падазраваных цяпер прыцягнутыя тры асобы. Прызначаная лiнгвiстычная экспэртыза, праведзены шэраг аглядаў, забраныя рэчавыя доказы», — сказала Свабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Яна паведаміла, што ўсяго паводле артыкулу 341 («Апаганьваньне будынкаў ці іншых збудаваньняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаваньне маёмасьці на грамадкім транспарце або ў іншых грамадзкіх месцах пры адсутнасьці прыкметаў больш цяжкага злачынства») ў мінулым годзе было заведзена 509 крымінальных спраў, большая частка зь іх — у Менску. У якасьці пакараньня прадугледжаныя грамадзкія працы, штраф або арышт.

Анархісты адмовіліся даваць паказаньні

Паводле зьвестак актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, затрыманыя Зьміцер Паліенка, Яўген Чуліцкі і Наста Гусева падчас допытаў не прызналі сваю віну і адмовіліся даваць паказаньні.

«Мы меркавалі, што допыты затрыманых пройдуць 23 студзеня, гэтак казалі міліцыянты, але цяпер ведаем, што допыты прайшлі ўжо ўчора. Хлопцы адмовіліся ад дачы паказаньняў і не прызнаюць віну. Бо невядома, зь якой прычыны міліцыянты палічылі, што тое графіці нанесьлі менавіта яны. Яшчэ адвакат сказаў, што трымаюцца яны добра, зь імі ўсё нармальна», — распавёў Свабодзе Вячаслаў Касінераў.

Цяпер актывістаў утрымліваюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. «Перадачы ім перадаць не ўдаецца, бо з падазраванымі ў крымінальным злачынстве гэта зрабіць складаней», — патлумачыў Касінераў.

Ён спадзяецца, што ягоных аднадумцаў празь дзень вызваляць, бо артыкул не прадугледжвае дасудовага ўтрыманьня пад вартай.

Як паведаміла БелаПАН актывістка Марына Касінерава, учора два адвакаты трапілі да Чуліцкага і Паліенкі. Сёньня адвакат павінен наведаць і Гусеву.

Дзьмітрыя Паліенку, Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву затрымалі 21 студзеня. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасьці яго маці прайшоў ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі сьледчых органаў. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

Анархістаў абвінавачваюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на вуліцы Ахоцкай у Менску ў канцы сьнежня 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG