Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць галоўнага патолягаанатама Менску, які браў хабар і трымаў яго ў лядоўні


Аркадзь Пучкоў
Аркадзь Пучкоў

У Ленінскім раённым судзе Менску пачаўся суд над Аркадзем Пучковым, былым начальнікам Менскага гарадзкога патолягаанатамічнага бюро, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару. Усяго, паводле сьледзтва, Аркадзь Пучкоў атрымаў каля 200 тысяч даляраў хабару.

Пучкоў працаваў начальнікам патолягаанатамічнага бюро больш за 20 гадоў. Затрымалі яго ў чэрвені 2018 году пасьля атрыманьня 3 тысяч даляраў хабару. Грошы знайшлі падчас ператрусу ў лядоўні.

За што браў хабар?

Аркадзь Пучкоў за кратамі
Аркадзь Пучкоў за кратамі

​Паводле сьледзтва, грашовую ўзнагароду Пучкоў браў за дазвол на арэнду і пастаўкі рытуальных тавараў у гандлёвы пункт, які дзейнічаў у бюро, а таксама абкладаў штомесячнай данінай падначаленых яму санітараў моргу.

Першы эпізод у справе Пучкова адносіцца да траўня 2002 году. Тады Пучкоў атрымаў 300 даляраў ад бізнэсоўца Ермака, крама якога арандавала плошчу на тэрыторыі патолягаанатамічнага бюро. Празь месяц Ярмак мусіў заплаціць Пучкову яшчэ 300 даляраў, і так цягам некалькіх месяцаў. Усяго ад Ермака Пучкоў атрымаў больш за 2 тысячы даляраў хабару, але потым бізнэсовец адмовіўся плаціць, і тады начальнік бюро разарваў зь ім дамову арэнды.

Адвакаткі
Адвакаткі

Таксама Пучкоў атрымліваў хабары ад санітараў моргу, якія працавалі пад ягоным кіраўніцтвам. Навічкоў адразу папярэджвалі, што «мусяць плаціць». Нібыта за тое, што не разрываў зь санітарамі працоўныя кантракты і дадатковыя пагадненьні. За гэта браў па 10% ад заробку, сьцьвярджае сьледзтва.

У сьпіс санітараў, якіх Пучкоў паводле абвінавачаньня, абклаў данінай, 17 чалавек. Першым у гэтым сьпісе значыцца санітар Бараноўскі. За ім — Барэйка, Савасьцюк ды іншыя. Хто колькі працаваў у бюро, столькі гадоў і плаціў начальніку. Атрымалася ад 24 рублёў да 6 тысяч рублёў з чалавека.

«Ад Бараноўскага: у кастрычніку 10 рублёў 7 капеек, у ліпені 3 рублі 44 капейкі...» — пракурор доўга зачытваў сумы хабару ад гэтага санітара, атрыманыя амаль штомесяц цягам 13 гадоў. У выніку толькі ад санітара Бараноўскага з 2004-га па сьнежань 2017 году, паводле сьледзтва, Пучкоў атрымаў хабару ня менш за 6 тысяч рублёў.

Сваякі Пучкова
Сваякі Пучкова

Стаўкі хабару падвышаліся

Тое самае адбывалася і зь іншымі санітарамі. Ад санітара Барэйкі таксама спачатку, у 2004 годзе, штомесячныя хабары не перавышалі 10 рублёў, але праз 10 гадоў ужо сягалі да сотні за месяц. Прыкладам, у студзені 2015 Пучкоў атрымаў ад Барэйкі 105 рублёў.

Санітары плацілі свайму начальніку па 10-50 даляраў штомесяц.

Усяго, як падлічылі сьледчыя, Аркадзь Пучкоў атрымаў ад санітараў хабару ня менш як на 56 тысяч рублёў.

Паводле Сьледчага камітэту, Аркадзь Пучкоў на сьледзтве прызнаў сябе вінаватым, але ў судзе да допыту падсуднага яшчэ не дайшло. Пакуль зачытваюць абвінаваўчае заключэньне, якое складаецца зь некалькіх тамоў.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG