Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усходняму партнэрству спаўняецца 10 гадоў, а ці будзе гулянка?


Рыкард Юзьвяк, карэспандэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Брусэлі
Рыкард Юзьвяк, карэспандэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Брусэлі

Брусэльскі блог Рыкарда Юзьвяка

Кожны год Эўразьвяз старанна адзначае адну-дзьве гадавіны, каб падкрэсьліць, што нягледзячы на ўсю крытыку, што гучыць на ягоны адрас, ён усё ж можа пахваліцца нейкімі важнымі дасягненьнямі.

Раней сёлета прамовамі і дэбатамі ў Эўрапарлямэнце адзначаў 20-годзьдзе эўрапейскай валюты. Мэсыдж быў ясны: эўра ёсьць і нікуды ня дзенецца.

Пазьней сёлета ЭЗ будзе адзначаць 40-годзьдзе першых прамых выбараў у Эўрапейскі парлямэнт.

Аднак, ёсьць яшчэ адзін юбілей, які, як мне адчуваецца, Эўразьвязу хацелася б чым хутчэй схаваць пад дыван — 10-я гадавіна Ўсходняга партнэрства.

Ёсьць адзін юбілей, які Эўразьвязу хацелася б чым хутчэй схаваць пад дыван — 10-я гадавіна Ўсходняга партнэрства.

Тым часам, як гэта ні дзіўна, гэты праект можна лічыць адным з самых пасьпяховых дасягненьняў ЭЗ у галіне замежнай палітыкі ад таго часу, як блёк зрабіўся больш-менш сур’ёзным гульцом у міжнародных дачыненьнях..

Ён выгодна адрозьніваецца ад свайго паўднёвага суседа, ЭЗ-Міжземнаморскага зьвязу, які быў створаны прыблізна ў тым самым часе, але апрача як шыкоўнай штаб-кватэрай у Барсэлёне больш ня мае чым асабліва пахваліцца.

Пагадненьні аб асацыяцыі і дамовы аб вольным гандлі з Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай у дадатак да бязьвізу для ўсёй гэтай тройкі, блізкае партнэрства з Армэніяй і падрыхтоўка да падобнай угоды з Азэрбайджанам — вось знакі рэальнага прагрэсу за апошнія некалькі гадоў. Калі яшчэ да гэтага дадаць пяць самітаў з прадстаўніцтвам на найвышэйшым узроўні, дык выглядае, што Эўразьвязу тут ёсьць што належна сьвяткаваць.

Шосты саміт меўся б адбыцца ў 2019 годзе, празь дзесяць гадоў пасьля інаўгурацыйнага збору ў Празе і праз два гады пасьля апошняга саміту ў Брусэлі — як варта было б спадзявацца паводле самітавай завядзёнкі.

Але ня ўсё так проста.

Саміт плянаваўся на сёлета, але ніхто ня выказаў асаблівага зацікаўленьня яго правесьці.

Саміт плянаваўся на сёлета, але ніхто ня выказаў асаблівага зацікаўленьня яго правесьці. Румынія, якая ў першай палове 2019-га паводле ратацыі старшынюе ў ЭЗ, у траўні прымае ў горадзе Сібію саміт, на якім будзе абмяркоўвацца Эўразьвяз пасьля Брэксыту і наўрад ці пацягне яшчэ адзін буйны форум. Фінляндыя, якая ў сярэдзіне году пяройме старшынёўства ад Румыніі, хоча пражыць сваю кадэнцыю «бюджэтна», безь вялікай помпы. Да таго ж увосень мае зьмяніцца ўвесь склад Эўракамісіі і старшыня Эўрапейскай рады, а гэта значыць, што бальшыня краінаў-удзельніцаў большую частку году правядзе ў змаганьні за добрыя месцы ў гэтых інстытуцыях.

Былі гаворкі пра тое, што гэтая падзея магла б адбыцца ў Швэцыі. З увагі на тое, што Швэцыя разам з Польшчай была заснавальніцай партнэрства, гэта б мела сэнс, аднак парлямэнцкія выбары ўвосень і зацягнуты працэс фармаваньня ўраду ў Стакгольме зрабілі гэта немагчымым. Да таго ж, як патлумачылі мне афіцыйныя асобы ЭЗ, было б недарэчна праводзіць саміт у краіне, якая ў гэты момант не старшынюе ў Зьвязе. Не было вялікага жаданьня правесьці саміт і ва ўсходніх партнэрах, бо «ўсходнікі» хочуць, каб Партнэрствам валодаў увесь Эўразьвяз, а ня толькі тыя краіны, якія маюць з партнэрамі агульныя межы або істотны гандлёвы абарот.

Цяпер замест саміту 14 траўня ў Брусэлі плянуецца правесьці так званую «канфэрэнцыю на высокім узроўні» на тэму Ўсходняга партнэрства. Яна ўціснутая ў графік паміж самітам у Сібію і выбарамі ў Эўрапарлямэнт. Яна адбудзецца на другі дзень пасьля пасяджэньня Рады замежных справаў ЭЗ, так што ёсьць надзея, што нехта зь міністраў замежных справаў застанецца ў Брусэлі яшчэ на адзін дзень. Пакуль што няясна, хто будзе прадстаўляць на канфэрэнцыі шэсьць краін-партнэрак. Калі б вы шукалі паказьнік таго, наколькі Эўразьвяз дбае пра сваіх усходніх суседзяў — лепшага вы ня знойдзеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG