У Парку высокіх тэхналёгій зарэгістравалі першую пасьля прыняцьця дэкрэту № 8 крыптабіржу Currency.com. Інвэстары праекту — VP Capital Віктара Пракапені і Larnabel Ventures Саіда Гуцэрыева. Сума інвэстыцый не называецца, піша Tut.by.
Што гэта зьмяняе?
- Цяпер на тэрыторыі Беларусі можна афіцыйна прадаваць і набываць крыптавалюты.
- Як заяўляюць ўласьнікі, гэта першы праект, які выпускае звыш 10 000 такенізаваных біржавых актываў (са старту будуць дасяжныя звыш 150 відаў токенаў). У Беларусі апэрацыі з токенамі вызваленыя ад падаткаабкладаньня да 2023 году. Гэтая прапанова разьлічана на крыптаінвэстараў. Токены падмацаваныя акцыямі аналягічных кампаній, якія будзе набываць Сurrency.com.
- Кампанія любой формы ўласнасьці зможа выпусьціць уласныя токены і пачаць каціраваць іх на біржы.
Цяпер праект знаходзіцца на стадыі бэта-тэставаньня. На момант публікацыі чаргу на раньні доступ да сэрвіса занялі больш за 1200 чалавек.
28 сакавіка ўступіў у сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які кіраўнік краіны падпісаў 22 сьнежня мінулага году.
Дакумэнт падаўжае і пашырае прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), спрашчае патрабаваньні іхнай замежнаэканамічнай дзейнасьці, мусіць стумуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.
Аднак самы рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі сусьветных мэдыя, бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.