Ініцыятары вяшчаньня новага радыё «Спорт FM» атрымалі адказ з прэзыдэнцкай адміністрацыі пра «нямэтазгоднасьць» зьяўленьня ў эфіры іх станцыі.
Вяшчаньне за грошы інвэстара
Летась ідэю радыёстанцыі са спартовым ухілам агучылі алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Надзея Скардзіна і алімпійская прызэрка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Фінансаваць мэдыйны праект узялася кампанія «Сігмаполюс» Віталя Сініцкага, забудоўнік камэрцыйнай нерухомасьці. Ужо быў знойдзены офіс для радыёстанцыі ў менскім забаўляльным цэнтры «Тытан».
Аднак, як сказала 13 студзеня тэлеканалу «Сталічная тэлевізія» (СТВ) Надзея Скардзіна, пасьля ўзгадненьняў у міністэрствах спорту і інфармацыі прыйшоў адмоўны адказ з прэзыдэнцкай адміністрацыі, дзе праект прызналі немэтазгодным, паколькі ў Беларусі нібыта існуе і так шмат радыёстанцый.
Пазьней гэты кавалак з сюжэту быў выдалены.
Згодна з законам, радыёстанцыю трэба зарэгістраваць як СМІ, пасьля чаго абмяркоўваць магчымасьць атрыманьня ліцэнзіі і радыёчастот. З улікам таго, што працэс можа зацягнуцца, у Міністэрстве інфармацыі ініцыятарам параілі зьвярнуцца па дапамогу ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Аднак адказ быў зусім ня той, на які аўтары разьлічвалі.
Пакуль Скардзіна і Герасіменя недаступныя да камэнтароў.
Міністэрства спорту падтрымала
Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды выказаў неразуменьне такой пазыцый чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі.
«Мы падтрымалі гэты праект, — кажа спадар Несьцяровіч. — Пісалі ва ўсе інстанцыі, што бачым у гэтым карысьць, прапанавалі свой удзел — або ў якасьці апякунскай рады, або рэдакцыйнай калегіі. Ведаю, што Надзея і Аляксандра атрымалі адказ, што рэалізацыя ідэі зь нейкіх прычынаў немагчымая. І гэта ўжо па-за нашай кампэтэнцыяй».
На запуск праекту на першым этапе інвэстар быў гатовы выдаткаваць 100 тысяч даляраў — без уліку закупаў абсталяваньня ды іншыя спадарожныя выдаткі. У сярэднім утрыманьне радыёстанцыі меркавалася ў межах 500 тысяч даляраў на год. Дзяржаўнае фінансаваньне, кажа Ўладзімер Несьцяровіч, не прадугледжвалася.
«Міністар Сяргей Кавальчук таксама лічыць, што праект цікавы, чаму б не падтрымаць? — працягвае суразмоўца. — Тым больш гэта людзі, якіх мы ведаем. Мы неаднаразова сустракаліся і з Надзеяй, і са спартовымі журналістамі, і з прадстаўніком галоўнага інвэстара, які, уласна кажучы, усё рухае наперад у фінансавым пляне. Я сам выяжджаў на месца, адкуль плянавалася вяшчаньне. І вось такі фінал...
Мабыць, іншыя інстанцыі маюць нейкія падставы, каб не падтрымаць гэты праект, але, паўтаруся, наша ведамства было „за“. Да таго ж бюджэтныя сродкі не прадугледжваліся, усё браў на сябе прыватны забудоўнік».
Уладзімер Несьцяровіч выказвае зьдзіўленьне, што адмова прыйшла за паўгода да пачатку ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску — а менавіта на гэтых спаборніцтвах плянавалася абкатаць фармат вяшчаньня.
«Мы бачылі, што ў арганізацыйным, ідэалягічным, інфармацыйным пляне праект можа быць цікавым, асабліва напярэдадні Эўрапейскіх гульняў, — падсумоўвае ён. — Магчыма, тыя людзі, якія выносілі адмоўнае рашэньне, маюць іншыя пра гэта думкі: аб некаторых я нават здагадваюся, але пакуль што не хацеў бы агучваць. Магу адказваць толькі за сваё ведамства».
Ініцыятары пачатку вяшчаньня радыёстанцыі «Спорт FM» акрэсьлівалі яе як «вузкапрофільную», а таму і менш рэнтабэльную, чым забаўляльныя. За некалькі гадоў плянавалася выйсьці на самаакупнасьць, разьлічваючы прыцягнуць у якасьці рэклямадаўцаў трэнажорныя клюбы, спартовыя крамы, вытворцаў амуніцыі і турыстычныя агенцтвы.