Амэрыканскія вайскоўцы пачалі пакідаць Сырыю. Пра гэта паведаміў у інтэрвію тэлеканалу Newsmax дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Ён адмовіўся называць графік вываду войскаў, патлумачыўшы, што ня хоча, каб праціўнік атрымаў доступ да такой інфармацыі.
Пампэо дадаў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп па-ранейшаму мае намер рабіць захады для «стабільнасьці на Сярэднім Усходзе», і Злучаныя Штаты працягнуць кампанію супраць джыхадыстаў забароненай групоўкі «Ісламская дзяржава» і супраць дзейнасьці Ірану, які падтрымлівае Дамаск.
Пампэо таксама заявіў, што ЗША маюць намер пераканацца, што вайскоўцы Турэччыне «ня зробяць бойню курдаў» у Сырыі. Па словах амэрыканскага дзяржсакратара, Вашынгтон працягне рэалізацыю гэтых мэтаў. «Проста мы даб’ёмся ўсяго гэтага, калі нашых войскаў ня будзе ў Сырыі», — сказаў Пампэо.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Сырыі 19 сьнежня. Ён матываваў гэта рашэньне перамогай над тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Камандаваньне амэрыканскай арміі не пагадзілася з прэзыдэнтам, палічыўшы вывад войскаў заўчасным.
1 студзеня стала вядома, што Трамп пагадзіўся запаволіць вывад войскаў і даў на гэта чатыры месяцы. Паводле СМІ, прэзыдэнт ЗША зьмяніў сваю пазыцыю пасьля візыту на амэрыканскую ваенную базу ў Іраку ў канцы сьнежня. Ваеначальнікі нібыта пераканалі Трампа, што джыхадысты да канца не пераможаныя.
У Сырыі, на тэрыторыі, непадкантрольнай ураду Башара Асада, разьмешчана каля 2 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў. Яны вядуць барацьбу з «Ісламскай дзяржавай» у складзе міжнароднай кааліцыі.