Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не інвалід і не здаровы. Як жыве беларус, якому дактары забараняюць працаваць


Васіль Лужкоў
Васіль Лужкоў

Жыхар Калінкавічаў на Гомельшчыне Васіль Лужкоў чатыры гады ня мае сродкаў для існаваньня. Пасьля цяжкай хваробы страціў здароўе. Лекары прапісалі мноства абмежаваньняў, празь якія чалавека не бяруць на працу нават дворнікам. Праца забаронена, а інваліднасьць «не паложана».

Як жыць? На гэтае пытаньне Васіль не знайшоў адказу ні ў дактароў, ні ў чыноўнікаў.

45-гадовы Лужкоў да хваробы працаваў у розных сфэрах — прадпрымальнікам, вартаўніком, інструктарам кіраваньня аўтамабілем. Меў кватэру, дом, аўтамабіль. З жонкай гадавалі дваіх дзяцей. Потым быў развод, падзел маёмасьці. Наўздагон — цяжкая хвароба. У 2012 годзе давялося рабіць апэрацыю на хрыбце ў Менскім навукова-практычным цэнтры траўматалёгіі.

«Не было б такіх цяжкіх наступстваў для здароўя, каб на месцы, у Калінкавічах, мне своечасова дыягнаставалі хваробу і прызначылі лячэньне. На Менск накіраваньне выбіў са скандалам, бо зусім блага зрабілася. У Менску сказалі: час страчаны, зробім тэрміновую апэрацыю ці будзеш паралізаваны. Але здаровы хрыбет ужо ня вернеш», — расказвае Васіль.

Афіцыйныя дыягназы займаюць некалькі радкоў: «Цэрвікальная міеляпатыя на фоне дэгенэратыўнага стэнозу шыйнага аддзелу пазваночніка...»

Інваліднасьць далі ўсяго на год

Пасьля апэрацыі мужчына атрымаў трэцюю групу інваліднасьці. Усяго на год. У 2014-м раённая мэдыка-рэабілітацыйная экспэртная камісія (МРЭК) пазбавіла Лужкова інваліднасьці. Аналягічнае рашэньне прыняла і абласная МРЭК, і рэспубліканская.

«Парушэньні, якія мае Васіль Лужкоў, прыводзяць да лёгкага абмежаваньня жыцьцядзейнасьці і сацыяльнай недастатковасьці за кошт абмежаваньня здольнасьці да самастойнага перасоўваньня і самаабслугоўваньня, што не зьяўляецца падставай для прызначэньня групы інваліднасьці», — прыйшлі да высновы мэдыкі.

Разам з тым прапісалі абмежаваньні ў працы. Яму забароненыя:

  • шкодныя, цяжкія работы, зьвязаныя з пад’ёмам і перамяшчэньнем грузаў;
  • работы са статычнай нагрузкай;
  • работы з нахіленьнем корпусу і знаходжаньнем у нязручнай ці фіксаванай позе больш за 60% працоўнага часу;
  • праца стоячы больш за 25% працоўнага часу;
  • праца на вышыні і гэтак далей.

Як прайсьці мэдкамісію з такімі абмежаваньнямі? І як выжыць?

«Інваліднасьць не належыць, і праца забаронена. Як жыць? Пасьля разводу трэба плаціць алімэнты — але з чаго? Пазыка расьце касьмічнымі тэмпамі. Кватэру я пакінуў жонцы, палову дома перапісаў таксама на яе — хай дзецям будзе. На маёмасьць за запазычанасьць у алімэнтах наклалі арышт. У выканкам хадзіў колькі разоў, ва ўпраўленьне сацыяльнай дапамогі — плёну ніякага. Мне прапануюць розную працу, але мэдыцынскія камісіі я не праходжу. Я ў адчаі», — кажа Васіль.

Ён прасіў Калінкавіцкі райвыканкам знайсьці яму працу. Паводле афіцыйных адказаў з выканкаму, заяўніку прапаноўвалі працаваць:

  • фармоўшчыкам вырабаў і канструкцый на заводзе жалезабэтонных вырабаў;
  • дворнікам і рабочым комплекснага абслугоўваньня будынкаў у дзіцячы садок;
  • апэратарам кацельні (качагарам) у раённае спажывецкае таварыства;
  • качагарам на прадпрыемства «Прыпяцкі альянс»;
  • дворнікам у цэнтар карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня;
  • вартаўніком у ПМК-43;
  • качагарам у ДБУ-10.

«Аднак па гэтых накіраваньнях вы не прайшлі мэдыцынскую камісію», — канстатаваў райвыканкам.

Васіль дэманструе стос папер — адказы з прадпрыемстваў, куды яго накіроўвалі на працу чыноўнікі.

«Не прымаецца па стане здароўя», «Не прыдатны да працы». «Замкнутае кола, па якім я хаджу туды-сюды пяты год. Як жыву? Бацькі дапамагаюць, тры сястры, сябры. Хапаюся за любыя выпадковыя заробкі», — кажа жыхар Калінкавічаў.

Гомельская абласная бальніца 31 кастрычніка 2018 году дала заключэньне, што Васіль можа працаваць:

  • нарыхтоўшчыкам і прыёмшчыкам сыравіны і прадуктаў;
  • чысьцільшчыкам сельскагаспадарчай прадукцыі;
  • камплектоўшчыкам;
  • укладчыкам-пакавальнікам;
  • сартавальнікам;
  • ліцейнікам плястмасы.

Такіх вакансій у Калінкавічах упраўленьне працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва не знайшло.

«Яшчэ мне прапаноўвалі мэдыкі знайсьці працу рахункавода ці фуражыра. Дзе знайсьці такія работы?» — зьдзіўляецца Васіль.

«Паспрыяць вам у працаўладкаваньні праблематычна»

Нядаўна з упраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Калінкавіцкага райвыканкаму ён атрымаў чарговы адказ: «Паводле кансультацыйнага заключэньня Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, паспрыяць вам у працаўладкаваньні праблематычна».

У сувязі з гэтым упраўленьне накіравала ліст на МРЭК з просьбай правесьці паўторны агляд Васіля Лужкова з удзелам прадстаўніка ўпраўленьня сацыяльнай абароны «з мэтай карэкцыі заключэньня аб вашай здольнасьці да працоўнай дзейнасьці з прычыны адсутнасьці рэкамэндаваных працоўных месцаў ці прызначэньня інваліднасьці».

Ва ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароне насельніцтва Калінкавіцкага райвыканкаму нам пацьвердзілі, што сытуацыя з працаўладкаваньнем Лужкова складаная.

«Яму мэдыкі прапісалі шмат абмежаваньняў у працы — і хадзіць доўга нельга, і стаяць, і ціск жа ў яго, і са слыхам праблемы. А тое, што мэдыкі дазваляюць яму, у нас такіх вакансій няма. Нават на пакавальніка ён не прайшоў камісію, бо там шкодная праца. Мы просім МРЭК: ці пашырце пералік дазволеных работ, ці дайце чалавеку інваліднасьць», — патлумачылі ва ўпраўленьні.

Цяпер Васіль зноў ляжыць у Гомельскай абласной бальніцы. Яго чарговы раз абсьледуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG