Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі прыйду ў палітыку, вы пачуеце». Экс-палітвязьня Аўтуховіча памылкова «адправілі» ў эміграцыю


Мікола Аўтуховіч, 2016 год
Мікола Аўтуховіч, 2016 год

Былога палітвязьня і прадпрымальніка з Ваўкавыску Міколу Аўтуховіча журналісты памылкова «выслалі» за межы Беларусі. Свабода даведалася, чым ён займаецца ў падпольлі і як сябе адчувае.

Гісторыя з наркотыкамі на мяжы

Былы палітвязень і прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч перад Новым годам напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што летась у красавіку пайшоў у падпольле: перастаў карыстацца паслугамі беларускіх мабільных апэратараў, стаў хавацца ад праваахоўнікаў.

Ён быў перакананы, што яго могуць зноў пасадзіць.

Ключавым момантам для зьмены ладу жыцьця стала затрыманьне на латыска-расейскай мяжы ў мінулым сакавіку. Ён ехаў разам з былым старшынём прафсаюзу РЭП Беларусі Генадзем Фядынічам. Тады мытнікі цягам 12 гадзін шукалі ў іхнай машыне наркотыкі.

Як патлумачыў Аўтуховіч, перад паездкай ён заўважыў, што панэль ягонага аўтамабіля ўзламаная, і вырашыў ехаць за мяжу на іншай машыне. Урэшце наркотыкаў не знайшлі, канфіскавалі ва ўсіх грошы і адпусьцілі.

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Справа Даната, бізнэс на таксоўках і палітыка

Шэраг мэдыя памылкова зразумелі словы Аўтуховіча, нібыта той зьехаў з краіны.

Экс-палітвязень патлумачыў Свабодзе, што ён знаходзіцца ў Беларусі, зьяжджаць не плянуе.

Пра свой стан адзначыў: «Усё добра, не хвалюйцеся; здароўе таксама».

Мікола Аўтуховіч паведаміў, што апошнія 20 месяцаў займаецца справай Даната Скакуна, які знаходзіцца ў калёніі за напад на настаўніцу гімназіі. Былы палітвязень перакананы, што хлопец невінаваты, і працягвае гэта даказваць. Ён адзначыў, што неўзабаве выступіць з новай рэакцыяй на гэтую справу.

Пра фірму таксовак у родным Ваўкавыску «22222» Аўтуховіч не захацеў гаварыць. Упэўнены, што займацца бізнэсам у Беларусі яму не дадуць.

На пытаньне, ці ўцягнуты ён цяпер у палітычную дзейнасьць, Аўтуховіч адказаў, што ня вельмі імкнецца ў палітыку, болей яму падабаецца будаваць бізнэс.

«Але іншага шляху няма. Я хачу толькі справядлівасьці. Калі я прыйду ў палітыку, я пра гэта скажу, вы пачуеце», — сказаў ён.

«Падрыхтавацца і выходзіць мяняць уладу»

Прадпрымальнік падазрае, што на яго могуць «сшыць» крымінальную справу. Такую выснову ён зрабіў на падставе паводзінаў супрацоўнікаў КДБ. Тыя прыходзілі да ягоных сяброў і паплечнікаў, распытвалі, чым цяпер займаецца Аўтуховіч. Падчас размовы паказвалі фатаздымкі нібыта крымінальных аўтарытэтаў, якія могуць мець дачыненьне да былога палітвязьня.

Прадпрымальнік не плянуе заставацца «ў падпольлі» назаўжды. Але калі выйдзе, невядома.

Мужчына думае, што яго перасьледуюць за ягоную апазыцыйную дзейнасьць. Ведае, што сілавікі цікавіліся ягоным аўганскім мінулым: на якія спэцапэрацыі хадзіў, якія ўзнагароды мае.

«У органах на ўсіх ёсьць дасье: чым чалавек дыхае, на што ён здольны. Улічваючы мае мінулыя баявыя заслугі, мае норавы, яны ведаюць, наколькі я для іх небясьпечны. Я разумею, што вырашаць праблемы народу трэба не языком ды не сьцяжкамі, а выходзіць адзін апошні раз. Падрыхтавацца і выходзіць мяняць гэтую ўладу», — кажа Аўтуховіч.

Мікола Аўтуховіч: З прадпрымальнікаў неабходна зьняць усе падаткі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG