Намесьніца дырэктара гімназіі № 31 Інэса Ахрамовіч адсутнічала на працы некалькі дзён, аднак напрыканцы мінулага тыдня вярнулася да выкананьня сваіх абавязкаў.
Чуткі пра магчымае звальненьне намесьніцы дырэктара па выхаваўчай працы гімназіі № 31 Інэсы Ахрамовіч зьявіліся на наступны дзень пасьля публікацыі відэазапісу аб уступленьні ў шэрагі БРСМ вучняў гімназіі. Відэа стала вірусным і за некалькі дзён набрала сотні тысяч праглядаў на розных плятформах. Толькі ў сацыяльных сетках Свабоды яго прагледзелі больш за мільён разоў.
Неўзабаве пасьля публікацыі карыстальнікі сацсетак пачалі пісаць, што голас завуча на запісе вельмі падобны да голасу намесьніцы дырэктара гімназіі № 31 Інэсы Ахрамовіч. Сама Ахрамовіч у размове з карэспандэнтам БелаПАН на наступны дзень пасьля публікацыі відэазапісу сказала, што знаходзіцца яна на размове ў аддзеле адукацыі Менгарвыканкаму.
Тое, што голас зь відэазапісу можа належаць Інэсе Ахрамовіч, Свабодзе пацьвердзілі адразу некалькі крыніц, у тым ліку вучні гімназіі № 31 і іх бацькі.
У сваю чаргу, Мінадукацыі апублікавала афіцыйнае паведамленьне наконт роліка пра «загон» у БРСМ. На думку чыноўнікаў, зьмест відэароліка выклікае шмат пытаньняў. Таму чыноўнікі не зьбіраюцца расьсьледаваць сытуацыю.
«Пры гэтым ня ясна ні паходжаньне роліка, ні тое, ці мела такая сытуацыя месца ў рэчаіснасьці, ці гэта чарговая фэйкавая пастаноўка», — было напісана на сайце ведамства.
Ва ўпраўленьні адукацыі Менгарвыканкаму Свабодзе таксама не змаглі пракамэнтаваць інфармацыю пра магчымае звальненьне Інэсы Ахрамовіч з пасады намесьніцы дырэктара 31-й гімназіі.
Кароткі камэнтар наконт гэтага дала Свабодзе 9 лістапада сама спадарыня Ахрамовіч. «Я цяпер на ўроку, — сказала Інэса Ахрамовіч. — Не магу з вамі размаўляць».
Як стала вядома Свабодзе, пасьля публікацыі скандальнага відэа Інэса Ахрамовіч адсутнічала ў гімназіі два дні. «Усе думалі, што яе звольняць, былі перакананыя ў гэтым, — сказала Свабодзе маці адной з вучаніц. — Аднак праз два дні яна вярнулася і цяпер працягвае працаваць, як нічога і не было».
Кіраўніцтва гімназіі № 31 сытуацыю са скандальным відэа не камэнтуе.