Свабода згадвае падзеі, якія паўплывалі на беларускае грамадзтва ў 2018 годзе. Гэта не абавязкова самыя чытаныя навіны, далёка не заўсёды яны мелі гучны вынік — але з пэўнай верагоднасьцю можна сьцьвярджаць, што гэтыя падзеі яшчэ нагадаюць пра сябе ў 2019 годзе.
Беларуска-расейскія спрэчкі і «ўльтыматум Мядзьведзева»
Спрэчкі між Беларусьсю і Расеяй трываюць ці не ад пачатку «саюзных» дачыненьняў. Але ў 2018 годзе іх характар вярнуўся да колішніх «мух і катлет». Што пачыналася як расейская крыўда на ўвоз зь Беларусі санкцыйных прадуктаў і няўзгоднены з Крамлём «бязьвіз», з ужо традыцыйных нафтагазавых таргоў (з новым словазлучэньнем: «кампэнсацыя падатковага манэўру»), тое завяршылася выбарам: грошы ці кавалак незалежнасьці.
Аляксандар Лукашэнка рэзка адхіліў прапанову расейскага прэм’ера аб адзіных валюце, судзе і мытні (хоць сам падпісаўся пад такім у 1999-м), але працягнуў сустрэчы з Уладзімірам Пуціным з мэтай дамагчыся грашовай падтрымкі.
#БНР100
Улады сучаснай Рэспублікі Беларусь амаль цалкам праігнаравалі сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — яны зьбіраюцца адзначаць юбілей Савецкай Беларусі ў 2019 годзе. Але юбілей той першай, несавецкай рэспублікі, беларусы адзначылі самастойна: «скінуліся» на сьвяточны канцэрт у Менску і сьвяты ў рэгіёнах, арганізавалі імпрэзы па абодва бакі акіяну, працягвалі адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы да канца году. І ўжо пачалі рыхтаваць #БНР101.
Улады супраць грамадзкага лобі: «Маці-328», хатні гвалт, міністар унутраных справаў…
Беларускія ўлады не асабліва перашкаджалі арганізатарам менскага канцэрту на #БНР100 (хоць быў хапун на менскім шэсьці і перашкоды ў рэгіёнах), але сказалі адназначнае «не» шматлікім іншым грамадзкім ініцыятывам.
Галадоўка «Маці-328» не прывяла да зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства: за «касяк» усё яшчэ могуць пасадзіць як за забойства. Канцэпцыя законапраекту супраць хатняга гвалту скончылася аповедам кіраўніка дзяржавы пра тое, як ён біў свайго сына. Чарговае патрабаваньне зьняць з пасады міністра ўнутраных справаў, які рабіў шмат спрэчных заяваў і ўчынкаў, было праігнараванае — і наступныя заявы міністра былі ці ня больш спрэчнымі. Падобна, нягледзячы на грамадзкае абурэньне беспакараным засталося і запалохваньне дзяцей, якія не хацелі ўступаць у БРСМ. Дзяржава не саступіла незадаволеным грамадзянам ні ў будаўніцтве акумулятарнага заводу ў Берасьці, ні ў «антымаршруткавых» правілах, ні ў адным дадатковым выходным пасьля Новага году.
Недаабноўлены «дармаедзкі дэкрэт»
У адной справе дзяржава нібыта саступіла незадаволеным: «падатак з дармаедаў» не зьбіралі, дэкрэт мадыфікавалі. Масавых пратэстаў, як у 2017-м, ужо не было. Ды з дэкрэтам атрымалася неадназначна: у «базах дармаедаў» аказалася яшчэ больш людзей (ужо паўмільёна); плаціць давядзецца не наўпроставы грашовы збор, а павялічаную «камуналку». Пры гэтым грамадзянін можа сплаціць падаткі, якімі фінансуюцца дзяржаўныя выдаткі, і ўсё роўна застацца вінным празь «нефінансаваньне дзяржаўных выдаткаў».
Тэст: ці вы «дармаед»?
Справа Коржыча
Публічнае абмеркаваньне загадкавай сьмерці аднаго салдата беларускага войска прывяло да прынамсі частковага прызнаньня ўладамі праблемы дзедаўшчыны і да дзясяткаў шэрагу судовых працэсаў па ўсёй краіне. Ды ў судзе па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча засталася неадназначнасьць. Афіцыйная вэрсія пра самагубства выглядае непераканаўча на фоне падрабязнасьцей справы: у частцы выкрыліся шматлікія факты дзедаўшчыны і гвалту, а цела салдата знайшлі павешаным з завязанай на галаве майкай і зьвязанымі нагамі.
Справа мэдыкаў
У пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994-м. Два міністры пазбавіліся пасадаў за правал у барацьбе з карупцыяй, затрыманьні карупцыянэраў сталі яшчэ часьцейшымі. Адна толькі справа мэдыкаў, зьвязаная з пастаўкамі мэдыкамэнтаў і абсталяваньня, мае больш за 60 фігурантаў (у іх ліку намесьнік міністра), сумы хабараў у ёй — ад пары тысячаў да 200 тысячаў даляраў. На фоне затрыманьняў адбыўся таксама скандал з вакцынай «Эўпэнта», якую не зарэгістравалі і не правяралі ў Беларусі, але ўжывалі на дзецях.
Абарона Курапатаў і Вайсковых могілак
У дзьвюх справах, зьвязаных зь месцамі пахаваньняў, улады прызналі памылкі толькі часткова. Руйнаваньне надмагільляў на Вайсковых могілках у цэнтры Менску спынілася пасьля скаргаў і пратэстаў, але ў плянах дзяржаўных структураў засталося яшчэ «добраўпарадкаваньне» наступных менскіх могілак — Кальварыйскіх.
Рэстарацыя каля месца масавых расстрэлаў часоў сталінскіх рэпрэсій, урочышча Курапаты пад Менскам, працягвае працаваць, а пад ёй больш за 7 месяцаў доўжацца акцыі пратэсту. Хоць ніхто не скасоўваў рашэньне пракуратуры пра незаконнасьць будоўлі, але называць яе незаконнай нельга.
Найлепшыя фота Свабоды за год. З аўдыё
«Справа БелТА»
Суд за права газэты «Новы час» называць рэстарацыю ў Курапатах незаконнай — далёка ня самая гучная справа з удзелам СМІ ў Беларусі ў 2018 годзе. На канец году ня спынены крымінальны перасьлед галоўнай рэдактаркі самага папулярнага інтэрнэт-мэдыя краіны, парталу Tut.by. Іншыя фігуранты «справы БелТА» пасьля жорсткіх затрыманьняў сплацілі штрафы за несанкцыянаваны доступ да платнай часткі стужкі навінаў дзяржаўнага інфармагенцтва, але Марына Золатава засталася абвінавачанай у «бязьдзеяньні адказнай асобы».
Паралельна з гэтым разьбіральніцтвам беларускія ўлады няспынна штрафуюць працаўнікоў тэлеканалу «Белсат» за працу без акрэдытацыі.
Абноўлены ўрад і незаўважныя мясцовыя саветы
Статыстыка праглядаў навінаў на сайце Свабоды дае падставы меркаваць, што беларусаў зусім не зацікавілі «максымальна брудныя» выбары ў мясцовыя саветы ў лютым, у выніку якіх 0,0055% мандатаў атрымалі апазыцыянэры. Затое зацікавілі навіны пра тых палітыкаў, каго не выбіралі: звальненьне «ўраду пафігізму», прызначэньне новага прэм’ера і вярхушкі ўраду, шэрагу міністраў. Супраць новага прэм’ера Сяргея Румаса галасавала толькі 1 дэпутатка са 110, ды ў Палаты прадстаўнікоў спыталі дазволу на прызначэньне ўжо пасьля таго, як прэм’ера прызначылі.
Неаўтакефальная царква
Падзея, не зьвязаная зь Беларусьсю наўпрост, можа мець глыбокія наступствы для шматлікіх беларусаў.
Украіна стварыла нацыянальную праваслаўную царкву і мае атрымаць у студзені аўтакефалію ад Усяленскага патрыярха. Праз гэта Расейская праваслаўная царква разарвала стасункі з астатнім праваслаўным сьветам. А беларускім праваслаўным, якія ня маюць аўтаноміі ад Масквы, давялося падтрымаць раскол.