Такі плян абмяркоўвае камандаваньне амэрыканскай арміі, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Гаворка ідзе пра бронетэхніку, мінамёты і супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Пры гэтым суразмоўцы агенцтва адзначаюць, што перамовы з нагоды перадачы зброі знаходзяцца на раньняй стадыі, канчатковае рашэньне не прынятае, але ў бліжэйшыя дні ідэю прадставяць прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу ў рамках агульнага пляну па вывадзе амэрыканскіх войскаў.
Трамп абвясьціў аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Сырыі 19 сьнежня. Ён матываваў гэтае рашэньне перамогай над тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».
Камандаваньне амэрыканскай арміі не пагадзілася з прэзыдэнтам, палічыўшы вывад войскаў дачасным і здрадлівым адносна курдаў. Кіраўнік Пэнтагону Джэймс Мэтыс сышоў у адстаўку.
Reuters адзначае, што калі ЗША перад вывадам войскаў пакінуць зброю курдам, гэта можа выклікаць незадаволенасьць Турэччыны, якая лічыць іх тэрарыстамі.